Украінцы пераймаюць беларускі вопыт разьмеркаваньня

Украінскіх студэнтаў ужо з наступнага навучальнага году могуць прымусіць адпрацоўваць за бясплатнае навучаньне.

КоммерсантЪ-Украина публікуе вытрымкі з пастановы ўраду, адпаведна зь якой да 1 верасьня 2011 году Мінадукацыі Ўкраіны мусіць распрацаваць мэханізм вяртаньня дзяржаве студэнтамі-бюджэтнікамі сродкаў, што былі выдаткаваныя на іх адукацыю. Інакш студэнтам прыйдзецца адпрацоўваць «у дзяржаўным сэктары вызначаны заканадаўствам тэрмін».


Міністар адукацыі Ўкраіны Дзьмітры Табачнік зьяўляецца адной з самых супярэчлівых фігураў ва ўкраінскім урадзе. Фота kp.ua

Таксама Мінадукацыі мусіць прывесьці кошты за пражываньне ў інтэрнатах у адпаведнасьці з эканамічным абгрунтаваньнем. Зараз студэнты, па зьвестках Камэрсанту, плацяць за пражываньня ў студінтэрнатах ад 6 да 37 эўра ў месяц.

Фармальна прапанову ўраду аднавіць забытае з савецкіх часоў разьмеркаваньне зьявілася пасьля таго, як дзяржаўныя аўдытары знайшлі вялікія фінансавыя парушэньні ў дзейнасьці Міністэрства адукацыі. Кабінэт міністраў прапанаваў фінансавую дысцыпліну падвысіць. За рахунак студэнтаў.

Ініцыятыва ўкраінскага ўраду ўжо выклікала спрэчкі ў дэпутатаў Рады. Нават Міністэрства адукацыі назвала ідэю спрэчнай. Паводле прадстаўнікоў міністэрства, паводле канстытуцыі краіны, кожны сам мае права выбіраць месца працы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3173 seconds.