Аватары беларусаў з facebook — маслам на палотнах

Выстава Жанны Капусьнікавай ДА.О
Партрэт відэамастака Дзьмітрыя Вайноўскага

Новы сэзон у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адчыніўся яркім праектам мастачкі Жанны Капусьнікавай «ДА.О». «Я ажно завішчала!» — такія былі першыя ўражаньні ад убачанай сэрыі партрэтаў у арт-дырэктаркі галерэі Ганны Чыстасердавай. Мастачка за месяц з хвосьцікам, літаральна зачыніўшыся ў майстэрні, напісала сэрыю сюрпрызаў — партрэтаў вядомых менчукоў, натхненьнем да якіх сталі аватары ў facebook. Пазнаць сябе на прэзэнтацыі «таямнічага і радаснага» праекту пасьпяшаліся героі партрэтаў: ад мастака Ўладзіміра Цэсьлера да саміх супрацоўніц «Ў». Было цесна.

Выстава стала нечаканасьцю нават для саміх партрэтаваных. Ніхто зь іх не падазраваў, што будзе намаляваны на прадстаўленых палотнах, а тым болей што натхненьнем да выяваў стануць іх публічныя аватары ў facebook. Пра тое, што стане вынікам творчай задумы Жанны Капусьнікавай, ня ведалі і самі супрацоўніцы галерэі «Ў». За дзьве гадзіны да адкрыцьця выставы ўсхваляваныя арганізатары распавялі сакрэты падрыхтоўкі праекту.

«Вельмі не цярпелася трапіць у галерэю, бо болей чым за год гэта першая выстава, працы зь якой я ня бачыла да прывозу ў галерэю. Я ўчора нават завішчала! Шалёна спадабалася. Да таго ж кожны з гэтых партрэтаў апроч фатаграфічнай выявы нясе ў сабе гісторыю», — распавяла арт-дырэктарка галерэі Ганна Чыстасердава, чый партрэт цяпер таксама красуецца у межах экспазыцыі.

Выстава Жанны Капусьнікавай ДА.О
Ганна Чыстасердава з партрэтам

Выстава аб’яднала 15 яркіх партрэтаў, якія Жанна Капусьнікава напісала за месяц зь невялікім. «Усё пачалося з Валянціна Лосева (бізнэсовец — аўт.), а завяршылася партрэтам сына». Праца кіпела і днём і ноччу. У парыве натхненьня і падціскаючых дэдлайнаў мастачцы даводзілася класьціся спаць а першай гадзіне дня.

Фактычна каманда стваральнікаў праекту сабрала болей за дзесятак аватараў вядомых менскіх пэрсанажаў, па сумяшчальніцтву добрых сяброў. На падставе фотаздымкаў з facebook і створаныя партрэты, кожны зь якіх аздоблены выявамі яркіх фруктаў, насякомых ды іншых прыгажосьцяў для настрою. Такія жывапісныя партрэты аўтапартрэтаў.

Выстава Жанны Капусьнікавай ДА.О

«Гэта быў бескантрольны і інтуітыўны працэс. Людзей я пісала заўжды, а тут захацелася зрабіць сюрпрыз, — узгадвае пачатак працы мастачка. — Хацелася, каб людзі былі яшчэ прыгажэй, каб асяродак быў ярчэй».

Герояў палотнаў Жанна называе не інакш як «музамі» і «суаўтарамі» і паабяцала зь імі падзяліцца аўтарскімі. «Яны амаль сталі маімі сваякамі. Цікава, як ім спалося гэты час? — з усьмешкай працягнула мастачка, якая заўважна хвалюецца за гадзіну да адкрыцьця выставы і прыходу „суаўтараў“. — Гэта такая адказнасьць, калі прыдумаеш і трымаеш гэта ў таямніцы».

Выстава Жанны Капусьнікавай ДА.О
Мастакі Жанна Капусьнікава і Ўладзімір Цэсьлер

Працы Жанны Капусьнікавай знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Літвы, Расеі, Нямеччыны, Францыі, ЗША, Японіі, Эгіпту, Эстоніі. За плячыма мастачкі пэрсанальныя і калектыўныя выставы ў Беларусі і па-за межамі. Таксама Жанна пасьпяхова рэалізуецца ў якасьці мастака па касьцюмах для кінафільмаў («Анастасія Слуцкая», «Трэцяе неба», «Батлейка», «Трамвай у Парыж» ды інш.), для музычных гуртоў (з 1994 году і да сьмерці Мулявіна ансамбль «Песняры»), мае ўзнагароды.

Выставу «ДА.О» мастачка называе праектам.

«Ідэя лётала ў паветры, а там ужо — хто першы пасьпеў. Гэта як мода. Мадэльер Мантана некалі сказаў, што мода — гэта калі адна і тая ж ідэя прыходзіць адначасова ў галовы многім людзям у розных кропках сьвету».

Выстава Жанны Капусьнікавай ДА.О

Выстава Жанны Капусьнікавай ДА.О

Выстава Жанны Капусьнікавай ДА.О
На адкрыцьцё выставы з Бэрліну прыехала Вераніка Круглова

Выстава жывапісу Жанны Капусьнікавай «ДА.О» будзе прадстаўлена ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» з 14 студзеня па 1 лютага 2011 года.

Вялікі фотарэпартаж з адкрыцьця выставы глядзіце ў нашым фотаблогу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0562 seconds.