Рэктар БДУ прайшоўся па інтэрнатах і распавёў студэнтам, за каго зьбіраецца галасаваць

На гэтым тыдні з працоўнымі візітам усе інтэрнаты БДУ наведаў рэктар Сяргей Абламейка. Апроч таго, тлумачальную размову наконт выбараў са студэнтамі правялі ўсе дэканы факультэтаў.

Фармальна адміністрацыя ўнівэрсытэту назвала імпрэзы «плянавымі сустрэчамі, якія праводзяцца раз на сэмэстар, дзе студэнты могуць задаць адміністрацыі свае пытаньні». Фактычна ж, рэктар і дэканы ў сваіх выступах даводзілі вынікі пяцігодкі і казалі пра пляны на наступныя пяць гадоў.

Рэктар Абламейка падкрэсьліў: «Асабіста я буду галасаваць за дзейснага прэзыдэнта, бо мяне ўсё задавальняе ў нашай краіне, і я хачу, каб усё і надалей так працягвалася». Схадзіць на выбары — галоўны абавязак студэнтаў. Пра гэта на сустрэчы казаў дэкан факультэту журналістыкі Сяргей Дубовік. Ён таксама падкрэсьліў, што будзе галасаваць за Лукашэнку.

Нагадваньне пра датэрміновыя выбары таксама прагучала. «Не адкладвайце сваё галасаваньне на апошні дзень, галасуйце тэрмінова і датэрмінова», — адзначыў рэктар БДУ. Апроч таго, на сустрэчах закраналася пытаньне пратэстаў на Плошчы 19 сьнежня. Дэкан Дубовік папярэдзіў: «Мітынг не санкцыяніраваны, таму нашых студэнтаў там не павінна быць. Падумайце пра сваю будучыню!»

Паводле belsat.eu

18:43, 10/12/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0688 seconds.