За выбарамі ў Беларусі можна сачыць з дапамогай плятформы назіраньня за стыхійнымі бедзтвамі

У Беларусі зьявіўся сайт грамадзянскага маніторынгу за выбарамі, створаны на плятформе маніторынгу падзеяў у гарачых кропках сьвету.

Сайт Electby.org створаны групай беларускіх медыя-актывістаў на плятформе Ushahidi.

«Асноўная функцыя Electby.org — гэта збор паведамленьняў пра выбарчую кампанію ад грамадзян і іх аўтаматычная візуалізацыя на мапе Беларусі. Кожнае паведамленьне зьяўляецца ў выглядзе кропкі на інтэрактыўнай мапе і сыстэматызуецца па катэгорыях. Дасылаць паведамленьні можна па-беларуску ці па-расейску: мова арыгінала будзе захаваная. Чым больш людзей пакіне свае сведчаньні на Electby.org, тым больш поўнай будзе карціна выбарчай кампаніі і яе вынікаў», — апісваюць сваю працу стваральнікі.

Пасьля выбараў у Кеніі 2008 году ў гэтай краіне распачаліся масавыя праявы гвалту, для назіраньня за імі актывісты стварылі сайт Ushahidi («сьведчаньне» па-кенійску). Яго плятформа аказалася настолькі ўдалай, што пасьля дапрацоўкі стала выкарыстоўвацца ў многіх гарачых кропках.

Сайты на плятформе Ushahidi шукалі ахвяраў землятрусаў у Гаіці і Чылі, дапамагалі пацярпелым у часе летніх пажараў у Расеі, назіралі за выбарамі ў Індыі і Мэксыцы, за рэфэрэндумам у Кіргізіі і іншымі гарачымі падзеямі ў розных кропках плянэты.

Абяцаньні кандыдатаў, агітацыйныя кур'ёзы, прымус да тэрміновага галасаваньня, ціск на актывістаў, махінацыі з бюлетэнямі... З дапамогай Electby.org усе гэтыя штрыхі імгненна адлюструюцца на жывой карціне «Выбары 2010», — разьлічваюць аўтары сайту.

На дадзены момант на electby.org пакуль сабраныя толькі 28 паведамленьняў. Аднак стваральнікі рэсурсу толькі пачалі яго папулярызацыю. Адной з матывацый для сваіх інфарматараў яны прапануюць магчымасьць выйграць Ipad.

Як адправіць паведамленьне на electby:

  • Праз форму на сайце electby.org
  • Напісаўшы на electbyorg@gmail.com.
  • Праз SMS на нумар у Літве +37065279366.
  • Праз паведамленьне ў Twitter з хэш-тэгам #electby.
vojur 17:43, 03/12/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0834 seconds.