Літаратары без фоташопу ў паштоўках

Сёньня ў продажы зьявіўся першы беларускі фэйкбук «Канец словаў: home collection». Гэта 30 паштовак з выявамі сучасных беларускіх літаратараў у хатніх інтэр’ерах і аўтографамі мадэляў на адваротным баку. Гэта своеасаблівы працяг «вечнага» арт-календара «Канец словаў», што выйшаў ў чэрвені 2009 г. Першыя здымкі былі зроблены падчас працы над арт-календаром, але ўвайшлі ў яго ў фармаце бонусных паштовак.

Адмысловую фотасэсію беларускіх пісьменьнікаў зрабіў вядомы фотамастак Ігар Саўчанка:

«Я ўпершыню працаваў з аголенай мужчынскай натурай. Ці цікавяць мяне аголеныя мужчыны? Так, цікавяць — як голае дрэва, што стаіць ў полі».

Мадэлі — літаратары Віталь Рыжкоў, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Адамовіч, Юрась Барысевіч і Анатоль Івашчанка.

Максім Жбанкоў, суаўтар канцэпцыі: «Мяне заўсёды цікавіла: як выглядаюць пісьменьнікі, калі іх ніхто ня бачыць? Калі іх кніжкі маўчаць і новае слова яшчэ не адбілася на паперы. Чалавек, якога зьнянацку адсачылі ў хатніх умовах, няздольны схавацца за тэксьцікі ды гарнітурчыкі. Ён вымушаны прамаўляць сваім адзіным сродкам — целам. Гэты экстрым выбудоўвае якасна новую энэргетыку. Больш шчырую за літаратурныя панты».

«Канец словаў: home collection» замацоўвае закладзены ў папярэднім арт-календары прынцып узаемадзеяньня вэрбальнага і візуальнага, тэксту і выявы, літаратара і фатограграфа. Але, у адрозьненьні ад сваго пярэста-глямурнага папярэдніка, кніга паштовак зроблена ў прынцыпова мінімалістычным стылі: чорна-белая эстэтыка, дакумэнтальная натуральнасьць целаў і іх частак, паўсядзённасьць як дэкарацыя. І (амаль) ніякіх словаў.

Поле сэнсаў канцэпту «Канец словаў» можна разумець па-рознаму: як вычарпанасьць творчага акту, пэрспэктыву новага тэксту, новае вымярэньне цялеснасьці (з гендэрным аспэктам ці без яго), невэрбальнае выказваньне літаратара, візуальную прамову фатографа ці разьняволеную гульню сэнсаў з нагоды целаў і тэкстаў.

Дар’я Сітнікава, суаўтарка канцэпцыі: «Мы называем „Хатнюю калекцыю“ фэйкбук — як бы кніга. Бо гэтая кніга не зусім кніга — словы сапраўды скончыліся. Літаратары не зусім літарары — яны тут мадэлі, у якіх замест дасканалых тэкстаў ёсьць адно недасканаласьць целаў. Фатограф не зусім фатограф — бо піша свае словы празьмерна няголенай аголенасьцю і бязьдзейнымі мужчынскімі цягліцамі. Гэта не літаратары ў чарговы раз распрануліся. Гэта ідэя „канца словаў“, падаецца, знайшла сваё аптымальнае ўвасабленьне».

Кнігу паштовак можна набыць у крамах «Логвінаў» і «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37А), краме «Падземка» (пр. Незалежнасьці, 43), інтэрнэт-краме prastora.by.

15:00, 01/12/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1346 seconds.