У Капэнгагене будуюць роварны хайвэй

Капэнгаген лічыцца роварнай сталіцай Эўропы — даўжыня роварных дарожак там дасягае 390 кілямэтраў. Аднак і гэтага датчанам мала. Цяпер вырашана палепшыць «самую роварную вуліцу Эўропы»: пашырыць да чатырох мэтраў, перакрыць аўтатранспарт і зрабіць адмысловыя «запраўкі». А цэнтар і ваколіцы злучаць роварныя магістралі.


Капэнгаген

Па самай роварнай вуліцы Капэнгагену — Nørrebro — штогод праяжджае каля 36 тысяч чалавек. Стварэньне роварнай магістралі пачнецца якраз адсюль. Веладарожкі плянуюць пашырыць да 4 мэтраў у абодва бакіі. Пры гэтым аўтатранспарт перакрыюць, а пакінуць толькі палосы для аўтобусаў. На многіх дарогах паставіць піт-стопы, дзе можна будзе ўзяць вады, накачаць шыны ды правесьці іншы агляд-рамонт сваёй тэхнікі. Зьмены адаб’юцца і на сьветлафорах — прыярытэт будзе аддавацца менавіта «двухколавым» кіроўцам.

Такім чынам будуць створаныя ўмовы для паездак вялікіх групаў раварыстаў з навакольных раёнаў гораду. Сёньня ў Капэнгаген на роварах прыяжджае 37% прыгарадных пасажыраў, а да 2015 году прагназуюць рост да 50%.

Па дадзеных муніцыпалітэту, на сёньня ўжо болей паловы жыхароў гораду выкарыстоўваюць двухколавы транспарт. Часам нават утвараюцца роварныя заторы.

Толькі да 2011 году на новаўвядзеньні будзе патрачана 10 мільёнаў эўра. Да гэтага два роварныя хайвэі агульнай працягласьцю 15 км аб’яднаюць цэнтар і ваколіцы. А ў 2012-м яшчэ адна такая ж лінія працягнецца з цэнтру Капэнгагену на 20 км.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4136 seconds.