Кактэйль з горнага паветра з дымам — Карпаты

Кажуць, лепей гор могуць быць толькі горы. Праверыць, ці праўда гэта так, выправілася ў бліжэйшыя горы — Карпаты — наша авантурная вандроўніца Юля Фокс. Паехала як звычайна — аўтаспынам. Надыхалася горным паветрам так, што дагэтуль трызьніць узгадкамі пра горныя раніцы, скарэньне вяршыняў, тамтэйшых жыхароў з «горнаю» моваю. Прывезла нам гару здымкаў з казачнымі пэйзажамі з разьмеранага жыцьця ва ўкраінскіх Карпатах, а для тых хто «захварэе» падобнай вандроўкай — практычныя парады, як туды дабрацца.

Старт у бок гарыстага рэльефу пачаўся на трасе М1 у накірунку Берасьця. З М1 на разьвілцы перад Кобрынам лепей зьвярнуць на М12, і пераехаць памежны пункт «Маларыта». Варта памятаць, што пешшу там без прапіскі ў бліжэйшым раёне пераходзіць нельга — забаронена. Далей можна даехаць да Ковеля, а там з вакзалу паехаць цягніком, ці спынам да Львова.


Вось ужо з Львова сэнсу мала ехаць спынам — бо дарога дрэнная, машын мала, і тыя, хто бяруць, спадзяюцца на аплату. Цягніком жа будзе прасьцей, хутчэй і таньней (Львоў — Ясеня 15–30 гр. — залежыць ад цягніка, і якасьці пасадачнага месца). Можна паехаць з перасадкай у Івана-Франкоўску, а ходзяць і наўпростыя цягнікі да гор.


Мэтавай станцыяй у маім выпадку былі Ясеня. Цягнік прыбываў недзе ля гадзіны ночы. І праз вакно мае вочы пабачылі першыя ўзгоркі гор у змрочным сьвятле ды цемры. Гэта было чароўна. Агеньчыкі дамоў і самотных ліхтароў сьціпла сьвяціліся на розных узроўнях зямной паверхні.


Цягнік адыйшоў — і зоркі сталі бліжэй. У гарах яны больш яркія, і іх шмат больш, чым у нашых шыротах — сапраўдная зорная коўдра над галавой.


Паветра там чыстае ў кактэйлі з дымам. Дый наагул горы як іншы сусьвет. Людзі там значна адрозьніваюцца ад гарадзкіх. Простыя й ветлівыя, і мова свая — горная:)


У трох кілямэтрах ад станцыі стаіць турыстычная база Эдэльвэйс. Там можна за 20 грыўнаў паставіць намёт і за 10 — прыняць душ. Там жа можна пакінуць рэчы (бясплатна), у выпадку, калі вы не зьбіраецеся ставіць намёт у гарах, а проста на палёгку падняцца на якую з верхавін, і спусьціцца.

Шлях на Гавэрлу па кілямэтражу большы, але пад’ём палогі, і фізычна адольваецца значна лягчэй (турыстычны маршрут). На Пэтрас па адлегласьці менш, але фізычна значна складаней. Бярыце з сабой ваду — на пачатак шляху. Пасьля будуць сустракацца ці горныя рэчкі, ці крыніцы.


Час у гарах ідзе інакш. Калі пазіраеш як павольна рухаюцца там людзі, жывёліны й хмары — сам міжволі запавольваеш рытм свайго тэмпу, а вочы спрабуюць увабраць усю веліч і прыгажосьць гор.

Што казаць — глядзіце здымкі, уяўляйце пах чыстага горнага паветра, прахалоду ранішняй расы і насычаныя колеры прамянёў вечаровага сонца.

Вялікі фотарэпартаж з Карпатаў

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.