Лепшы здымак у конкурсе National Geographic зрабіў фатограф зь Беларусі

Фотаздымак Алега Грыцкевіча «Перапаўненьне сьвяшчэнных вод» назвалі лепшым на міжнародным фотаконкурсе «Самыя неверагодныя фотаздымкі National Geographic». Здымак зроблены з балкону ў час навадненьня ў Індыі ў жніўні 2009 году.


Алег Грыцкевіч «Перапаўненьне сьвяшчэнных вод» 

«Гэта верхавіна затопленага ў час навадненьня ў жніўні 2009 году індуісцкага храму ў індыйскім горадзе Варанасі (старажытны Бэнарэс). Зьнята з балкону гатэлю са штатыва з вытрымкай у 30 сэкундаў (на малой вытрымцы ў гэтай хуткай рацэ быў бы бачны попел, вянкі, сьмецьце і парэшткі не да канца спаленых былых жывых істотаў). У пяцідзесяці мэтрах справа ад здымку знаходзіцца (тут на здымку ня бачна) Манікарніка Гхат — самае галоўнае месца на рацэ Ганга для крэмацыі, па нашаму — рытуальнаму спальваньню памерлых», — распавёў гісторыю гэтага здымку Алег.

Галоўны прыз у конкурсе — вандроўка на дваіх у Вашынгтон на экскурсію ў галоўны офіс National Geographic.


Алег Грыцкевіч мае 38 гадоў, нарадзіўся ў Расеі, з 1985 году жыве ў Беларусі, дзе скончыў Мазырскую мэдыцынскую вучэльню. Некалькі гадоў працаваў фэльдшарам. Потым адслужыў у разьведцы. У 1995-м удзельнічаў у AXA World Ride’95 — ваколсьветцы на роварах, быў адзіным прадстаўніком ад СНД. На наступны год зладзіў велагонку па Беларусі «Чарнобыль-Надзея-96» з удзелам інвалідаў. Пазьней працаваў у ЗША у кампаніі WorldTeamSports. А ў 1999-м заснаваў рэклямна-інфармацыйную газэту «Полесье своими глазами», якая выдаецца і дагэтуль. З 2003-га зьдзяйсьняе штогадовыя ўзыходжаньні на невядомыя, аднак значымыя верхавіны Тыбэту, Індыі, В’етнаму, Камбоджы, Тайланду. Хобі — дайвінг, фота, альпінізм, сноўбордынг.

Паводле znyata.com

16:00, 11/11/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.058 seconds.