«Паводле часу»: мастак Сяржук Цімохаў падсумоўвае сваю творчасьць

У творчасьці Цімохава прасочваецца трапяткое стаўленьне да надзвычай цікавай і глыбокай спадчыны дахрысьціянскага, паганскага пэрыяду беларускай гісторыі, бо менавіта там мастак знаходзіць крыніцу творчага натхненьня. 27 кастрычніка ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва мае адбыцца адкрыцьцё пэрсанальнай выставы Сяржука Цімохава «Паводле часу» з найбольш знакавымі працамі аўтара за апошнія 20 гадоў.


Юбілейная пэрсанальная выстава «Паводле часу» — гэта своеасаблівая споведзь мастака перад гледачом. У творцы заўжды прысутнічае жаданьне распавесьці пра тое, што ён змог зрабіць за пэўны адрэзак свайго творчага жыцьця. Паводле часу мастак падсьвядома мяняецца, і ня толькі зьнешне, фізіялягічна, але і ў філязофска-эстэтычным аспэкце, і гэтыя зьмены занатоўваюцца ў творах мастака.

На гэтай выставе экспануюцца выбраныя жывапісныя і графічныя працы аўтара, створаныя за апошнія 20 гадоў творчай дзейнасьці, якія найбольш яскрава адлюстроўваюць папярэднія аўтарскія выставы такія, як «Дрэва-стод», «Сонца+Сонца», «Чары купальскай ночы», «Кола Сонца», «Традыцыі прасторы».

Сяржук Цімохаў нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Кротаў Гомельскай вобласьці. Скончыў Мінскую мастацкую вучэльню і Беларускую Акадэмію Мастацтва. Жыў у Полацку, а з 1999-га жыве і працуе ў Менску. Cябра Беларускага саюза мастакоў з 1989 году. Працуе ў жанры станкавага жывапісу і графікі, манумэнтальнага-дэкаратыўнага мастацтва. Творы мастака знаходзяцца ў шэрагу беларускіх музэяў, у мастацкіх галерэях Варшавы, Дрэздэна, Масквы, Лёндану, а таксама ў прыватных калекцыях на радзіме і за межамі.

14:00, 15/10/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.