«Восеньская стужка» прапануе выставачную пляцоўку для фатографаў

Біенале «Восенькая стужка» ў другі раз адбудзецца ў Віцебску 5 — 7 лістапада. «Антыкварыят»: Трыюмф нямога кіно — так у гэтым годзе гучыць тэма кінафэстывалю. На працягу трох дзён можна будзе атрымаць асалоду ад прагляду знакамітых рэтра-стужак, сапраўднай сусьветнай клясыкі кіно. У праграме фільмы Чарлі Чапліна, Дэвіда Грыфіта, нямецкі «Мэтраполіс», а таксама адзін з першых савецкіх «Браняносец Пацёмкін». Усе стужкі будуць паказаны з субтытрамі на беларускай мове.


Кадр з фільма «Мэтраполіс» (1927 г.) рэжысёра Фрыца Ланга.
Фільм будзе паказаны ў межах
«Восеньскай стужкі»-2010.

Нямое кіно і атмасфэру міжваеннага часу на фэстывалі падтрымае другі накірунак творчасьці — фотамастацтва, якое было моднае, актуальнае і атрымала асаблівае разьвіцьцё ў гэты час. Запрашаем паўдзельнічаць у фотаконкурсе «Паміж дзьвюма войнамі».

Пляцоўка фэстывалю — выдатная магчымасьць для аматараў фатаграфіі прадэманстраваць сябе!

Тэхнічныя патрабаваньні для ўдзельнікаў конкурсу:

  • Аўтар за свой кошт друкуе фотаздымкі.
  • Аўтар афармляе фотаздымкі ў паспарту (памер рамы 50×60 см).
  • Памер фотаздымку можа быць любы, такі, якім яго бачыць аўтар.
  • Суадносіны бакоў 2×3 1×1 6×7.
  • Паколькі конкурс рэтра-фотаздымкаў, таму апрацоўка не павінна
    быць заўважная.
  • Усе здымкі павінны быць чорна-белыя, прысутнасьць колеру магчыма ў тым выпадку, калі гэта таніраваньне (сэпія) або колеры на фотаздымку падобныя на колер аўтахромных фотаздымкаў пачатку 20-га стагодзьдзя.

Акрамя конкурсу стылізаваных рэтра-фотаздымкаў, плянуецца экспазыцыя сапраўдных старых здымкаў 30-х, 40-х гадоў. Калі Табе пашанцавала, і ў Тваёй сям’і здолелі захаваць такую фота-рэліквію, Ты абавязаны ганарыцца гэтым і можаш падзяліцца настроем мінуўшчыны зь сябрамі! Таму капай сямейныя архівы, здзьмухай пыл са старых фотаальбомаў і выцягвай у сьвет антыкварныя фоты!

Усе пытаньні й фотаздымкі ў электронным варыянце памерам ня болей 1 мб дасылайце на e-mail: retrawosien@gmail.com з пазначэньнем тэмы «Фотаконкурс». Тэрмін падачы прац — да 20 кастрычніка.

Усе працы будуць разгледжаныя журы пад кіраўніцтвам віцебскага фотамайстра Аляксандра Велядзімовіча. Лепшыя прымуць удзел у выставе падчас фэстывалю і атрымаюць падарункі.

Падрабязьней — у івэнце vkontakte

16:00, 13/10/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2834 seconds.