З кантралёрамі менскіх аўтобусаў папрацуюць псыхолягі

Да канца году колькасьць кантралёраў у грамадзкім транспарце Менску павялічыцца ў два разы. А для таго, каб праца навічкоў пайшла лягчэй, будучыя кантралёры трапяць на псыхалягічныя трэнінгі па камунікацыях з пасажырамі.


Цяпер кантралёраў стане ў два разы болей. А кандуктары хутка могуць увогуле зьнікнуць зь менскага транспарту. Малюнак: tarka.

Як паведамляюць «Мінск-Навіны», цяпер у «Мінсктранса» — прадпрыемства, што забясьпечвае ўсе грамадзкія перавозкі ў менскіх аўтобусах, трамваях, тралейбусах і мэтро — толькі 111 кантралёраў. Гэта толькі палова патрэбнага, таму да Новага году прадпрыемства нойме яшчэ сотню новых супрацоўнікаў.

Але трапіць на пасаду кантралёра ня так лёгка. Для пачатку трэба прайсьці тэст, які вызначыць узровень стрэсаўстойлівасьці і камунікабэльнасьці прэтэндэнтаў па гэту пасаду, пасьля чаго прайшоўшымі адбор зоймуцца псыхолягі. «Мінсктранс» абяцае, што будучыя кантралёры пройдуць трэнінгі па камунікацыях з пасажырамі.

Цікава, што нават павялічыўшы штат у два разы, менскі транспарт не задаволіць патрэбу ў кантралёрах. На думку гендырэктара «Мінсктрансу» Лявонція Папёнка, прадпрыемству патрабуецца каля 500 кантралёраў. А пакуль кантралёрамі прыходзіцца падпрацоўваць бухгалтарам і інжынэрам прадпрыемства.

Раней «Мінсктранс» плянаваў з 2012 году ўвесьці ў грамадзкім транспарце сталіцы адзіныя электронныя квіткі, па якіх можна было б адначасова езьдзіць і ў мэтро, і ў наземным транспарце. Пасьля гэтага кандуктараў у менскім транспарце больш ня будзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0718 seconds.