Гараджане і сяльчане ў малюнках Валянціна Губарава

Да канца тыдня працягваецца выстава «Звычайна так» «душэўнага» беларускага мастака Валянціна Губарава, далей выстава паедзе ў Францыю. Выкладаем некалькі фотаўрыўкаў зь ягоных працаў і раім пасьпяшацца падняць настрой «наіўным» мастацтвам.


У выставе «Звычайна так» прадстаўлена 30 працаў Губарава. Разглядаць можна доўга — карціны вялікія і дэталёвыя.

Героі карцінаў Губарава — звычайныя людзі з гораду і вёскі, суседзі, сваякі і мінакі, а таксама надзеленыя чалавечымі рысамі жывёлы: у кватэры, ля хаты, на застольлі і рамантычным спатканьні. Як сьцьвярджае мастак, усе сюжэты сваіх малюнкаў ён бачыў на ўласныя вочы.

Гумарыстычныя, сэнтымэнтальныя, з знаёмымі нам насьценнымі дыванамі, салатамі на стале — у працах Губарава вялікая ўвага надаецца дэталям, настрою, і ўсім ім характэрная добрая іронія і пэўны філязофскі сэнс. Сюжэты на карцінах дапаўняюцца трапнымі назовамі: кот у вакне — «Жыцьцё цудоўнае», жанчына ў гарадзкой кватэры — «Хатняя запяканка з карамельлю, хлопчыкам і страчанымі ілюзіямі».

Аднак ягоныя працы рэдка можна ўбачыць на выставах у Менску ці іншых беларускіх гарадах. Губараў добра вядомы за мяжою. Карціны з посьпехам выстаўляюцца і прадаюцца ў Швэйцарыі, Нямеччыне, Францыі, ЗША, а адна француская галерэя ўжо амаль 17 гадоў таму заключыла з нашым мастаком эксклюзіўны кантракт і пасьпяхова супрацоўнічае дагэтуль.

Нарадзіўся мастак у 1948 годзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. Скончыў Горкаўскаю мастацкую вучэльню, а затым Маскоўскі паліграфічны інстытут. З 1990 году Губараў — сябра Беларускага саюзу мастакоў.

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр-т Незалежнасьці 47) выставу Валянціна Губарава «Звычайна так» можна ўбачыць па 3 кастрычніка.

tarka 13:00, 30/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.049 seconds.