У дзяржавы няма грошай на роварныя дарожкі
Сетка роварных дарожак можа ўзьнікнуць па ўсёй Беларусі ў тым выпадку, калі Міністэрства спорту і турызму знойдзе інвэстара для іх будаўніцтва. На думку намесьніка міністра спорту Чэслава Шульгі, у нас дарожак вельмі мала, але турыстам з Заходняй Эўропы яны патрэбныя.
Спадар Шульга патлумачыў недахоп роварных дарожак «скептычным стаўленьнем» да іх будаўніцтва раённых уладаў, а галоўным матывам іх будаўніцтва назваў запатрабаванасьць сярод турыстаў з Эўразьвязу. Каб задаволіць патрэбы заходніх турыстаў, міністэрства вырашыла заняцца пошукам інвэстара для будаўніцтва веладарожак.
Па яго словах, «вялікі вопыт разьвіцьця такой сыстэмы» ёсьць у шэрагу заходніх краін, у прыватнасьці Нямеччыны і Францыі. Як паведамляе БелаПАН, у прыклад беларускім праектыроўшчыкам веладарожак намесьнік міністра прывёў літоўскі курорт Друскенікі, які «увесь ахутаны роварнымі дарожкамі».
Для таго, каб дасягнуць хаця б цэнтральнаэўрапейскіх стандартаў разьвіцьця велатрас, беларускім чыноўнікам прыйдзецца пастарацца. Напрыклад, супольная даўжыня веладарожак адной толькі Чэхіі складае 37 тысяч кілямэтраў.
Раней мэр Менску Ладуцька абяцаў, што да 2013 году ў Менску пабудуюць 45 км роварных дарожак: па 5 км у кожным раёне. У выніку Менск рызыкуе абзавесьціся роварнымі трасамі, якія па працягласьці параўнальныя з двума менскімі «велабанамі» ўздоўж Сьвіслачы.