Конкурс на беларускую філялёгію ў Кіеве быў 14 чалавек на месца

З новага навучальнага году ў Інстытуце філялёгіі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Шаўчэнкі пачалося навучаньне ўкраінскіх студэнтаў па спэцыяльнасьці «беларуская мова і літаратура». Спэцыяльнасьць адчынілася на базе нядаўна створанага Цэнтру беларусістыкі.

Як паведамілі БелТА на кафэдры ВНУ, конкурс на новую спэцыяльнасьць быў дастаткова высокім — 14 чалавек на месца. Гэта другі вынік па Інстытуту філялёгіі пасьля спэцыяльнасьці «ангельская мова», дзе колькасьць жадаючых паступіць складала 17 чалавек на адно месца. Аднак будучыя беларусісты не «парацца»: акрамя беларускай яны будуць вывучаць ангельскую і, натуральна, украінскую.

У выніку на бюджэтную форму навучаньня па новай спэцыяльнасьці «беларуская мова і літаратура» былі прынятыя 8 студэнтаў. Акрамя таго, шэсьць чалавек залічаныя на платную форму навучаньня. Сярод тых, хто паступіў, — прадстаўнікі розных рэгіёнаў Украіны (Кіеў, украінскае Палесьсе, Хэрсонская вобласьць), частка зь якіх — этнічныя беларусы.

У той жа момант у некаторых беларускіх унівэрсытэтах сёлета на філялягічныя спэцыяльнасьці быў недабор. На платнае на беларускую і расейскую філялёгію ў Брэсцкім дзяржаўным унівэрсытэце проста бралі ўсіх жадаючых.


Адкрыцьцё Цэнтра супала з закладкай памятнага каменя на месцы будучага помніка пісьменьніку Ўладзіміру Караткевічу ў Кіеве. Фота BELARUS.BY

Беларускі цэнтар за беларускія грошы быў адчынены ў лістападзе 2009 году ў час візыту беларускага прэзыдэнта А. Лукашэнкі ў Кіеў. У той жа час Лукашэнка стаў ганаровым доктарам унівэрсытэту імя Шаўчэнкі. Званьне было прысвоена за «за вялікі ўклад у справу разьвіцьця двухбаковых беларуска-ўкраінскіх адносін, умацаваньне культурных і адукацыйных сувязяў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.