Як у Берасьці музычны сэзон адчынялі

11 верасьня ў ДК Прафсаюзаў Берасьця адбыўся рок-канцэрт з удзелам берасьцейскіх «СТПТЦ», «Слайды» ды менскіх «Ореn Space». Імпрэза распачала канцэртны сэзон прома-групы «Заля чаканьня».

Заля Чаканьня

Канцэрт праходзіў не ў малой зале, як чакалася, а на танц-пляцоўцы дома культуры, што, думаецца, толькі парадавала публіку, якая скрозь складалася з моладзі.

Гурт «СТПТЦ» выступіў у сваёй звыклай вытанчана-арыстакратычнай манеры з гарманічным спалучэньнем мінорнага і мажорнага настрою. Непаўторны стыль калектыву надаюць і моцны асабісты пачатак песьняў на словы саліста Ігара Пашэчка, і арыгінальнасьць выкананьня многіх кампазыцый, і ўдалае спалучэньне чорна-чырвоных колераў у касьцюмах. Ну і зразумела, толькі на карысьць іміджу рок-гурта сінтэз драматургічнага і музычнага пачаткаў у выкананьні твораў.

Па працягласьці настройкі інструмэнтаў сустракаюць, а праводзяць па колькасьці знаёмых песьняў. Так бы я перайначыла вядомую прымаўку ў дачыненьні да сталічнага гурта «Ореn Space» — наступнага ўдзельніка мерапрыемства. Доўгае чаканьне акупілася для публікі, што ўжо пачынала засынаць, напоўніцу. За англамоўнай назвай стаяла і англамоўнае выкананьне, а гэта заўсёды прыходзіцца даспадобы сучаснай моладзі, няхай нават тэкст песьняў і ня ўсім зразумелы. Тут ужо галоўнае антураж, добры настрой і эмацыйнае зьяднаньне выступоўцаў і слухачоў — тады можна падпяваць, нават і не ведаючы слоў. А калі гучаць яшчэ і вядомыя ўсім замежныя хіты, то радасьці народнай наогул няма межаў. Вынік — гучныя заклікі танцораў-актывістаў да ўдзельнікаў гурта выканаць нешта на біс, цалкам апошнімі задаволеныя.

Тэмп і гучнасьць музычных кампазыцый дасягнуў эпагею з выхадам на сцэну мясцовага рок-калектыву «Слайды». Хлопцы выканалі як старыя, многімі ўлюбёныя песьні, так і новыя, якія таксама сустракаліся на ўра. Наогул, адчувалася, што ў залі шмат аматараў менавіта гэтай каманды. Ды ўжо тое, што народ не разьбегся раней часу, таксама пра многае гаворыць.

Належыць адзначыць, што гэтым мерапрыемствам пачаўся канцэртны сэзон прома-групы «Заля чаканьня». І хоць не было 11 верасьня ў ДК Прафсаюзаў аншлягу (усё ж такі адначасова разварочваліся падзеі міжнароднага тэатральнага фэстывалю «Белая вежа»), арганізатары спадзяюцца на большую актыўнасьць берасьцейцаў падчас іншых канцэртаў. А яны будуць ужо хутка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.