Менчукам паабяцалі электронныя табло на прыпынках

Менскія прыпынкі стануць такімі ж, «як і ў іншых эўрапейскіх гарадах», а транспартнай сыстэме наросьцяць кітайскі інтэлект. Аб гэтым заявіў новапрызначаны мэр Менску Мікалай Ладуцька.


Так выглядае электроннае табло на прыпынку грамадзкага транспарту у нямецкім Гамбурзе. Фота www.streetsblog.org

«Каб упарадкаваць працу грамадзкага транспарту, павялічыць адказнасьць кіроўцаў індывідуальных транспартных сродкаў, скаардынаваць працу, павялічыць прапускную здольнасьць вуліц, прынята рашэньне аб стварэньні ў Менску комплекснай інтэлектуальнай транспартнай сыстэмы», — сказаў Ладуцька.

Улады, з дапамогай кітайскіх спэцыялістаў і грошай, плянуюць стварыць у сталіцы электронную сыстэму, якая будзе адсочваць загружанасьць вуліц, і ў залежнасьці ад гэтага рэгуляваць працу сьветлафораў, грамадзкага транспарту. Паводле словаў Ладуцькі, укараненьне такой сыстэмы дазволіць павялічыць прапускную здольнасьць вуліцаў на 20–25%, паведамляе «Мінск-навіны».

Адным з вынікам зьяўленьня інтэлектуальнай сыстэмы стане магчымасьць усталяваць на прыпынках экраны, на якіх будзе дэманстравацца інфармацыя аб бліжэйшых аўтобусах, тралейбусах і трамваях з колькасьцю хвілін, што засталіся да іх прыходу. Такія табло вельмі распаўсюджаныя ў гарадах Цэнтральнай і Заходняй Эўропы.


Ужо цяпер за некаторымі менскімі тралейбусамі можна назіраць праз спадарожнік дзякуючы GPS

Пра канкрэтную дату зьяўленьня табло на менскіх вуліцах не паведамляецца. Раней прадстаўнікі Менсктрансу заяўлялі, што да канца году ўвесь грамадзкі транспарт Менску будзе ўключаны ў адзіную сыстэму кантролю, а на тралейбусы і трамваі ўсталююць GPS-навігатары. Некаторыя тралейбусы і трамваі ўжо маюць GPS-навігатары.

Таксама мэр гораду заявіў, што ў наступным годзе адчыніцца другі выхад са станцыі мэтро «Пралетарская», а праз пяць гадоў у Менску зьявіцца 10 транспартных разьвязак.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0749 seconds.