«TEA+ART — незвыЧАЙныя сустрэчы»: Хадановіч — 9-га, Дудзінскі — 14-га

Гэтай восеньню TEA+ART прапануе цёплыя незвычайныя сустрэчы з надзвыЧАЙнымі людзьмі! 9 верасьня ў рамках праекту «TEA+ART — незвыЧАЙныя сустрэчы» адбудзецца цікавая сустрэча-размова з паэтам, крытыкам, бардам, перакладчыкам, арганізатарам літаратурных праектаў, старшынём Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэем Хадановічам. А 14 верасьня з акторам Дзянісам Дудзінскім.


Андрэй Хадановіч — аўтар паэтычных кніг «Старыя вершы», 2003; «Лісты з-пад коўдры», 2004; «Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі», 2005; «From Belarus with love» (Кіеў, 2005); «Сто лі100ў на tut.by», 2007; «Бэрлібры», 2008; укладальнік паэтычных анталёгіяў «Сувязьразрыў/Зв’язокрозрив» (Кіеў, 2006) і «Pępek nieba/Пуп неба» (Wrocław, 2007).

Стала друкуецца ў часопісах «Дзеяслоў» і «ARCHE», альманаху «pARTizan», тыднёвіку «Наша Ніва». Вядзе блог, перакладае вершы з ангельскай, францускай, літоўскай, польскай, расейскай, украінскай моваў. Выкладае літаратуру ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і Беларускім Нацыянальным Гуманітарным Ліцэі імя Я. Коласа. Кіраўнік «Перакладчыцкай Майстэрні» пры Беларускім Калегіюме.

Ляўрэат шматлікіх прэміяў і сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, арганізатар некалькіх конкурсаў для маладых літаратараў, удзельнік шматлікіх паэтычных фэстываляў у Беларусі і за яе межамі (у Калюмбіі, Ірляндыі, Літве, Нямеччыне, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіне, Чэхіі і Швайцарыі). Пераможца некалькіх міжнародных паэтычных слэмаў. Вядучы некалькіх беларускіх паэтычных слэмаў.

Вершы Хадановіча перакладаліся на ангельскую, гішпанскую, грузінскую, італьянскую, латыскую, літоўскую, нямецкую, польскую, расійскую, славацкую, славенскую, украінскую, чэскую, швэдзкую мовы.

14 верасьня незвыЧАЙная сустрэча з выканаўцам і ўдзельнікам праекта DaVinci, лінгвістам, DJ-ем, акторам і балагурам Дзянісам Дудзінскім.


Выява interfax.by

Гурт DaVinci быў заснаваны ў 2005 года як прыкол двух дарослых мужчынаў — Дзяніса Дудзінскага і Леаніда Шырына. Такім праект існуе і зараз. Дэвіз гурта: рабіць музыку не ДЗЕЛЯ слухача, а ДЛЯ слухача!

Дзяніс Дудзінскі па жыцьці непрадказальны, начытаны, жартаўлівы і гаваркі. Умее трапляць у розныя экстрэмальныя сытуацыі, адкуль з гонарам выходзіць і выводзіць іншых. У жыцьці лінгвіст, літаратурны перакладчык, DJ, актор, балагур, прафэсійны тамада, тэлевядучы. Піша кнігі, займаецца конным спортам, займаецца дайвінгам і скалалазаньнем. Мае досьвед працы ў выдавецтве, на радыё і тэлебачаньні.

Заяўляйцеся!

Да новых незвыЧАЙных сустрэчаў!

У сувязі з абмежаванай колькасьцю месцаў вядзецца папярэдні запіс удзельнікаў па нумарох: +375296450612 і +375296559616і зьбіраецца ўнёсак.

Аўтары праекта:

  • Алёна Вялічка (чайная вядучая, журналістка, каардынатарка адукацыйных праграмаў).
  • Тата Краўцова (культуроляг, арт-мэнэджэр, удзельніца фольк-гурта «Гуда»).
  • НезвыЧАЙныея сустрэчы праходзяць у краме «Чайны ліст» з 18.30 да 21.00 па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 32.
01:00, 09/08/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0658 seconds.