Беларусь і Францыя ў фотавыставе «Паралелі»

Сылюэт спалучаецца з эмоцыяй, погляд знаходзіць сваё адлюстраваньне, разбураючы бар’еры і стэрэатыпы. Аб’яднаныя пачуцьцём адлюстраванасьці горада ў чалавеку і чалавека ў гарадзкой прасторы, французскі фатограф Цьеры Клеш і беларускія фатографы Вольга Лойка і Віктар Байкоўскі ствараюць новыя віртуальныя і фатаграфічныя паралелі.

Разбураючы і «рэаніміруючы» горад сваім фатаграфічным поглядам, яны адышлі ад яркіх турыстычных выяваў і глянцавых пэйзажаў, каб знайсьці сябе ў чорным і белым, пабачыць цень і сьвятло, сувязь і хаатычнасьць дэталяў, замкнёных у межах адной гарадзкой прасторы.

Але фатаграфія не ізаляваная. У розны час, у розных гарадах і краінах, фатографы з розным досьведам і стылем трапляюць пад уплыў падобных эмоцый і ўражаньняў. Так нараджаюцца паралелі. Спачатку віртуальныя — паміж архітэктурай і чалавекам, матэрыялам і душой, станам і эмоцыяй. Затым фатаграфічныя — у межах беларуска-французскага фотапраекту «Паралелі» — паміж гарадамі і культурамі, што і стала асновай сумеснай выставы трох аўтараў.

Адкрыцьцё фотавыставы «Паралелі» адбудзецца ў галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 16 верасьня 2010 года ў 17.00. На цырымонію адкрыцьця запрошаныя: мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, пісьменьнік Навум Гальпяровіч, акцёрскі дуэт «Сігаль» (Мікіта Сідарэнка і Уладзімір Галак). У праграме — мэдыя-прэзэнтацыя «Водбліскі мараў» пра Парыж і Мінск ад Акселя Дзюкрэ. Вядучыя Юлія Новік і Віка Трэнас. Куратар Фёдар Ястраб.

Мэта праекта — аб’яднаць творчасьць беларускіх і французскага фатографаў у межах адной канцэпцыі, паказаць адзінства вобразаў горада і гарадзкога жыхара, які адначасова і блізкі агульнай урбаністычнай абстаноўцы, і адчужаны ад яе. Праект далучае беларускае фотамастацтва да эўрапейскага кантэксту, можа быць асновай для новых сумесных праектаў і можа паспрыяць разьвіцьцю міжкультурных сувязяў.

Выстава працуе ў галерэі «Панарама» (Нацыянальная бібліятэка, пр. Незалежнасці, 116, 22-гі паверх) з 16 верасьня па 6 кастрычніка 2010 г. Тэл. галерэі 8017 2932955.

Даведка

Цьеры Клеш нарадзіўся ў 1965 годзе ў Брэтані, Францыя. Аўтар фотакніг «Deja vu» (з Філіпам Жэнада), «Imprimer le monde» (з Бэрнарам Шамбазам), а таксама падрыхтаванай да друку фотакнігі «Стамбул» (зь Людавікам-Стэфанам Улісам) і рамана «La formation des nuages». Пачынаў свой творчы шлях як журналіст, у прыватнасьці, кінакрытык часопіса «Cahiers du cinema», працаваў сцэнарыстам і выкладчыкам. Цяпер жыве ў Парыжы, актыўна ўдзельнічае ў выставах і фотапраектах, зьдзяйсьняе фотавандроўкі па розных краінах (Марока, Гішпанія, Італія, ЗША, Сенегал, Мэксыка, Партугалія, Турцыя, Кіпр, Балі, Кітай, Бэльгія, Індыя).

Вольга Лойка нарадзілася ў 1978 годзе. З 1997 года працуе ў навуковай журналістыцы. Захапілася фатаграфіяй тры гады таму. Брала ўдзел у калектыўных фотавыставах, прызёр рэспубліканскіх фотаконкурсаў, у 2010 годзе — пэрсанальная фотавыстава ў НФК «Мінск», удзельнік мэдыя-праекта «Q.E.D»

Віктар Байкоўскі нарадзіўся ў 1967 годзе. Фатаграфаваць пачаў яшчэ ў дзяцінстве, але больш сур’ёзнае разуменьне і ўспрыняцьцё фотамастацтва зьявілася нашмат пазьней. Жыве і працуе ў Брэсьце. Па спэцыяльнасьці праграміст. Удзельнік калектыўных фотавыставаў, прызёр рэспубліканскіх і міжнародных фотаконкурсаў.

14:30, 07/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.