Мы ідзем глядзець паэзію!

Выстава «ЛІТÄRA. Візуальныя дасьледаваньні паэзіі» адкрыецца ў менскім Інстытуце імя Гётэ 8 верасьня 2010 года а 19.00. Беларускім мастакам былі прапанаваны тэксты сучасных нямецкамоўных паэтаў у арыгінале і ў перакладзе на беларускую. Выбраўшы адзін альбо некалькі тэкстаў, кожны ўдзельнік праекту паспрабаваў «дасьледаваць» яго, ужываючы сродкі выяўленчага мастацтва.

Зьнешняя арганізацыя моўных знакаў канстатуе паэзію як жанр. Што адбываецца з тэкстам, калі яго візуальны кампанэнт набывае большую інтэнсіўнасьць праз увядзеньне ў прастору выяўленчага мастацтва? Як узьдзейнічаюць схаваныя ў тэксьце вобразы, робячыся бачнымі?

Гэтым пытаньням, вобразам з паэтычных тэкстаў Ільмы Ракузы, Андрэаса Альтмана, Монікі Рынк і Ульрыкі Зандзіг, а таксама такім фэномэнам, як «чужая мова», «дзьвюхмоўе», «пераклад», прысьвечаны інсталяцыі, жывапісныя, графічныя і відэапрацы, прадстаўленыя на выставе.

З 8-га па 30-га верасьня ў актавай залі і ў бібліятэцы Інстытута імя Гётэ па адрасе вул. Веры Харужай 25/3 можна ўбачыць творы Руслана Вашкевіча, Міхаіла Гуліна, Сяргея Ждановіча, Сяргея Кірушчанкі, Аляксея Іванова, Аляксея Лунёва, Зоі Луцэвіч, Мікалая Батвіньніка, Аляксандра Некрашэвіча, Вольгі Сазыкінай, Антаніны Слабодчыкавай і Сяргея Шабохіна.

Па папярэдніх заяўках экскурсіі праводзіць Ірына Герасімовіч, перакладчыца тэкстаў на беларускую мову і куратарка выставы.

Выстава «ЛІТÄRA. Візуальныя дасьледаваньні паэзіі» адрасаваная як прафэсіяналам у галіне выяўленчага мастацтва, літаратуры і перакладу, так і шырокаму колу гледачоў, якіх цікавяць нечаканыя сэнсавыя кантэксты, што ўзьнікаюць на стыку дзьвюх культур і двух відаў мастацтва.

11:00, 26/08/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3684 seconds.