Навязваньне ложку на расейскай чыгунцы — па-за законам
Маскоўскі суд прыняў рашэньне аштрафаваць Расейскую чыгунку за спробы прымусовага продажу вандроўнікам спальнай бялізны ў купэйных і СВ-вагонах. Да суда справу давёў абураны пасажыр.
У люкс-вагоне Белы бусел цягніка Менск-Кіеў падрыхтаваны ложак ужо чакае вандроўнікаў. І заплаціць за яго прыйдзецца, жадаеце вы таго, ці не. Фота linereview.net
Падставай да судовага разьбіральніцтва стала скарга аднаго з пасажыраў, якому ложак быў не патрэбны, паколькі ён ехаў у купэ на кароткую адлегласьць днём. Аднак ён усё роўна быў вымушаны заплаціць за карыстаньне пасьцельнымі рэчамі, бо іх кошт быў уключаны ў квіток. Пасьля гэтага пасажыр зьвярнуўся са скаргай у Фэдэральную антыманапольную службу (ФАС).
Служба аштрафавала расейскую чыгунку больш чым на 2.2 мільёны даляраў за навязваньне абавязковага платнага карыстаньня ложкам пасажырам купэйных і СВ-вагонаў. ФАС прыняла рашэньне на карысьць пасажыра яшчэ ў мінулым жніўні, аднак чыгуначны манапаліст абскардзіў яго. У выніку арбітражны суд Маскоўскага акругі прыняў бок ФАС ў гэтай спрэчцы, паведамляе Travel.ru.
Калі расейская чыгунка нарэшце падпарадкуюцца рашэньню, ложак ў купэ і СВ будзе выдавацца так жа, як і ў пляцкартным вагоне — па жаданьні пасажыра. Пры гэтым ложак можна аплаціць загадзя ў касе пры набыцьці квітка, а можна купіць ужо ў правадніка, рызыкуючы пераплаціць, паколькі многія праваднікі ў Расеі любяць завышаць тарыф. Акрамя гэтага, пашырэньне продажу ложка праваднікамі можа прывесьці да павелічэньня выпадкаў продажу пасьцельных рэчываў, якімі ўжо карыстаўся іншы пасажыр, а пасьля клапатліва выпрасаванымі і запакаваны самімі праваднікамі. Кошт карыстаньня ложкам ў расейскіх цягніках складае зараз прыкладна 2–3 эўра. Абавязковай куплю ложка ў купэ і СВ чыгунка зрабіла летам 2006 году.
Беларуская чыгунка ўключае ў кошт квітка пасьцельныя рэчы ў тым выпадку, калі цягнік міжнародны. Хаця ёсьць і выключэньні. Цікава, што калі вы вандруеце, да прыкладу, цягніком Менск-Кіеў, але ва Ўкраіну не едзеце і зьбіраецеся выйсьці ў Гомелі, за ложак, у некаторых вагонах ужо засланы, прыйдзецца заплаціць правадніку (каля 6 тысячаў рублёў).