Яшчэ два 3D-кінатэатры зьявяцца ў Менску

У бліжэйшыя месяцы ў сталіцы зьявяцца адразу два новых 3D-кінатэатры. Ужо ў верасьні менчукам абяцаюць трохмернае кіно ў Палацы рэспублікі, а ў яшчэ праз два месяцы — у адноўленым кінатэатры «Салют». А вось адкрыцьцё першага прыватнага арткінатэатру зацягваецца на нявызначаны тэрмін.


Хутка ў Серабранцы зьявіцца сваё 3D. Фота СТВ

У канцы жніўня — пачатку верасьня ў Малой залі Палацу рэспублікі адчыняць другую ў краіне залю з абсталяваньнем для прагляду 3D-фільмаў. Як паведамляе «Мінск-Навіны», па буднях у новым кінатэатры плянуюць даваць два сэансы, на выходных — тры. Што цікава, працаваць ён будзе па-за сыстэмай Кінавідэапракату — дзяржаўнага прадпрыемства, якое кантралюе амаль усе кінатэатры Менску.

Яшчэ адзін новы кінатэатар, дзе ў тым ліку можна будзе паглядзець 3D, адчыніцца ў сьнежні ў «Салюце», што знаходзіцца ў Серабранцы. Пераабсталяваньне яго адкладалася з-за чаргі, што ўтварылася на сусьветным рынку лічбавага абсталяваньня. На рэканструкцыю «Салют» зачыняць недзе ў кастрычніку — за два месяцы перад адкрыцьцём.

Такім чынам, колькасьць 3D-кінатэатраў у Менску да канца году рызыкуе дасягнуць чатырох. Да ўжо адбудаванага «Кіеву» — пакуль адзінага месца з 3D-абсталяваньнем, далучацца «Салют», Палац рэспублікі, а таксама, магчыма, кінатэатар «Цэнтральны», аб пераабсталяваньні якога казалі нядаўна прадстаўнікі Кінавідэапракату.

На пачатку лета было абвешчана аб адкрыцьці прыватнага арткінатэатара Rubin Plaza на праспэкце Дзяржынскага, у якім плянавалася адчыніць дзьве лічбавыя залі, у тым ліку адну 3D. Аднак цяпер уладальнікі кінатэатру кажуць аб «неспадзяваных арганізацыйных цяжкасьцях» з-за якіх «адкрыцьцё Rubin Plaza адкладаецца на нявызначаны тэрмін».

Кінатэатры Менску перажываюць бум наведвальнасьці. Як перадае БелаПАН, жадаючых хадзіць у кіно ў Менску ўсё болей і болей. У мінулым годзе сталічныя кінатэатры наведалі 1 мільён 3 720 тысячаў гледачоў, што на 320 тысячаў болей, чым у 2008 годзе. А за два месяцы гэтага году кінатэатры наведалі 1.1 млн. чалавек — на 250 тысячаў болей, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.