Менск названы адным з самых прывабных усходнеэўрапейскіх гарадоў

Менск уключаны ў сьпіс 10 найлепшых месцаў для адпачынку ва Ўсходняй Эўропе па вэрсіі знакамітага выдавецтва Lonely Planet. Сталіцы Беларусі трапіла ў адну кампанію з Рыгай, польскай Таруньню, Сараевам і Старым Археем у Малдове. Менск, паводле Lonely Planet, «на дзіва прагрэсіўнае і сучаснае месца», поўнае магчымасьцяў для начных забаваў. Гэтакі сталінскі Лас-Вегас. Як яшчэ характарызуюць гэты горад замежныя шляхаправоднікі?


Палац Рэспублікі рэпрэзэнтуе Менск на старонках Lonely Planet

Рэйтынг Lonely Planet прысьвечаны 10 найбольш вартым наведваньня месцам Ўсходняй Эўропы. Першую пазыцыю ў сьпісе займаюць Юлійскія Альпы, што красуюцца ў Славеніі. За імі ідзе сталіца Босьніі і Герцагавіны Сараева, харвацкая выспа Млет і гісторыка-археалягічны комплекс Стары Архей у Малдове. Бачна, што сваім рэйтынгам Lonely Planet імкнуўся зьвярнуць увагу на не самыя вядомыя месцы гэтай часткі Эўропы.

Як адзначаюць аўтары рэйтынгу, «на працягу доўгага часу Ўсходняя Эўропа заставалася нявывучанай часткай кантынэнту, дзе архітэктурныя пэрлы і шумныя гарады маглі пабачыць толькі нешматлікія вандроўнікі, што накіроўваліся ў Заходнюю Эўропу. Але ўсё зьмяняецца».

Зьмяняецца ўсё, але «Сталін» і «Менск» застаюцца ў замежных турыстаў у адным асацыятыўным шэрагу. Вось як складальнікі рэйтынгу апісваюць сталіцу Беларусі, якая заняла ў ім апошнюю 10 пазыцыю:

«Менск амаль дакладна зьдзівіць вас. Сталіца Беларусі, насуперак свайму сумнаму імені, на дзіва прагрэсіўнае і сучаснае месца. Тут ёсьць стылёвыя кафэ, рэстараны з Wi-Fi, перапоўненыя бары і начныя клюбы. Сушы-бары і карцінныя галерэі разьмяшчаюцца проста ў цэнтры горада, які цалкам перароблены ў адпаведнасьці з густамі Сталіна. У горадзе параўнальна мала традыцыйных славутасьцяў, затое незьлічоная колькасьць цікавых месцаў для зачараваных савецкім пэрыядам, і месцаў, дзе можна ня толькі адчуць сябе як дома, але і пацешыцца, калі ў горад прыходзіць ноч».

Цікава, што ў больш поўным апісаньні Менск у Lonely Planet — «камуністычны шык», «капучына-камунізм», горад поўны паліцыі і вайскоўцаў, людзей, якія абмяркоўваюць шпіёнаў. У цэнтры ўсяго гэтага, у самым яго сэрцы гораду высіцца будынак КДБ, які «немагчыма не заўважыць».

Lonely Planet — буйная кампанія, якая займаецца выпускам шляхаправоднікаў, тэлевізійных перадачаў і стварэньнем інтэрнэт-рэсурсаў для вандроўнікаў. Пачаўшыся зь невялікага выдавецтва для бэкпэкераў, за амаль 40 гадоў з моманту свайго заснаваньня Lonely Planet ператварылася ў аднаго зь лідэраў індустрыі. Цяпер кампанія кантралюецца BBC і выпускае болей за 500 кніг на 8 мовах штогод.


«Чысты горад» - амаль легенда на старонках замежных шляхаправоднікаў

Паводле іншага папулярнага турыстычнага гіду, In Your Pocket, які выпускаецца літоўскай кампаніяй, «Менск на дзіва абаяльны, спакойны, чысты і бясьпечны горад». Але ж «для вялікага адсотку людзей з Захаду Беларусь — дзяржава-парыя, што кіруецца не аднойчы аблаеным Самі-Ведаеце-Кім. Мясцовыя ж вольна і адкрыта з пагардай ці прыхільнасьцю гавораць аб Самі-Ведаеце-Кім, што збольшага залежыць ад іх стану і прыбытку».

І на разьвітаньне:

«Менск пакідае рамантычны ўспамін пра сябе, калі ўлетку сотні маладых людзей бадзяюцца па горадзе поплеч са сваім каханым (альбо бутэлькай піва)».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4064 seconds.