Сэкс карысны для мозгу
Сэкс здымае трывогу і робіць нас разумнейшымі. Да такіх высноваў пасьля дасьледаваньня на пацуках прыйшлі навукоўцы.
Вядома, што фізычныя заняткі паляпшаюць нейрагенэз (стварэньне новых нейронных клетак). Дадзеныя дасьледаваньня навукоўцаў з Інстытуту нейралёгіі пры Прынстанскім унівэрсытэце (ЗША) кажуць, што найбольш інтымны від фізычных заняткаў — сэкс — стварае для нашага мозгу той жа самы эфэкт.
Больш за тое, калі вы забясьпечылі сябе рэгулярныя сэксуальныя практыкаваньні, то стабільны нейрагенэз з адпаведнымі пазытыўнымі наступствамі для галаўнога мозгу, у тым ліку падвышэньне разумовых здольнасьцяў, вам забясьпечаныя. Прасьцей кажучы, наш мозг пачынае працаваць хутчэй дзякуючы паляпшэньню ў перадачы нэрвовых імпульсаў, што робіць нас разумнейшымі.
Адкрыцьцю амэрыканскіх навукоўцаў паспрыялі звычайныя пацукі. У выніку сэрыі экспэрымэнтаў высьветлілася, што разавы сэкс стымуляваў нейрагенэз у гіпакампе — вобласьці мозгу, адказнай апроч іншага за падаўленьне турботаў. А рэгулярны сэкс стымуляваў дадатковы нейрагенэз і выклікаў рост дэндрытаў (структур, якія адказваюць за сувязі паміж нейронамі).
У выніку, пацукі, што рэгулярна займаліся сэксам, менш панікавалі перад незнаёмай ежай і лепш праходзілі складаны лябірынт. То бок станавіліся разумнейшымі і менш схільнымі да стрэсу.
Навукоўцы адзначаюць, быццам тое, што карысна для пацукоў, карысна і для homo sapiens (ва ўсялякім выпадку, для самцоў).