Неактыўныя блогі ў ЖЖ пачнуць прадаваць

Нікі блогаў, якія не абнаўляліся больш за 2 гады, альбо былі замарожаныя па рашэньню адміністрацыі Livejournal, могуць быць прададзеныя. Ужо ўсталяваны кошт юзэрнэйму і правілы яго адыманьня ва ўладальнікаў. У сьпісы «неактыўных» рызыкуюць трапіць таксама і блогі памерлых карыстальнікаў.

Калі вы не абнаўлялі і нават не заходзілі ў ваш блог на працягу двух апошніх гадоў, а сам блог не ўтрымлівае ніякіх допісаў, акрамя вітаньня Livejournal, то вы рызыкуецце пазбавіцца ЖЖ. Спачатку ваш дзёньнік «дэактывуюць», а на пошту адправяць ліст з просьбай залагініцца, пацьвердзіўшы свой інтарэс да блогу. Калі на працягу 30 дзён вы гэтага ня зробіце, блог выставяць на продаж.

Адміністрацыя Livejournal ужо стварыла адмысловую старонку, якая кожны дзень абнаўляецца новымі юзэрнэймамі, што пазбаваліся ўладальнікаў і цяпер выстаўленыя на продаж. Кошт новага імя невялікі — $15.

На продаж выстаўленыя і нават ужо прададзеныя блогі, раней замарожаныя адміністрацыяй. Гэта ЖЖ спамэраў, створаныя для публікацыі рэклямы, а таксама блогі, што былі прыпыненыя канфліктнай камісіяй ЖЖ за парушэньне этычных нормаў.

На продаж трапяць таксама блогі нябожчыкаў. Яны ня здолеюць адгукнуцца на ліст Livejournal, і іх ЖЖ праз 30 дзён трапяць у сьпіс «блогаў за $15». Уладальніца блогавай плятформы, кампанія SUP, ня лічыць продаж блогаў нябожчыкаў неэтычным.

«Мы не разглядаем сытуацыю ў такім ключы, — перадае Gazeta.ru заяву кіраўніцы LiveJournal Russia Сьвятланы Іваньнікавай. — Замарожаны рахунак — гэта рахунак, уладальнік якога парушыў правілы карыстаньня сэрвісам».

Акрамя таго, па яе словах, сярод замарожаных дзёньнікаў вельмі шмат спам-ботаў, некаторыя зь якіх да моманту прыпыненьня пасьпявалі разьмесьціць дзесяткі тысячаў допісаў, у тым ліку ў цалкам прыстойных суполках.

На плятформе LiveJournal налічваецца каля 65 тысячаў блогаў, аўтары якіх пазначаюць сваё месцазнаходжаньне як Беларусь. Наша краіна займае 13 месца па колькасьці карыстальнікаў Livejournal, Расея - другое, Украіна - пятая. Цікава, што дзёньнікі на LiveJournal піша і чытае амаль кожны 11-ы беларускі інтэрнэт-юзэр.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.