З 2012-га ў грамадзкім транспарце Менску запрацуюць электронныя квіткі

У трамваях, тралейбусах і аўтобусах сталіцы хутка зьявяцца прыборы, якія будуць працаваць з электроннымі праязнымі. Пасьля гэтага праехацца і ў мэтро, і ў аўтобусе можна будзе па адзіным квітку, а кандуктары могуць зьнікнуць назаўжды. Зьмены чакаюцца глыбокія, таму транспартнікі ўжо зараз прапануюць «маральна» рыхтаваць да іх пасажыраў.

Па словах намесьніка мэра Менску Аляксандра Барысенкі, праз год у трамваях, аўтобусах і тралейбусах сталіцы зьявяцца адмысловыя прыборы, якія дазволяць зьлічваць інфармацыю з электронных квіткоў і вызначаць кошт праезду ў транспарце. Пры ўваходзе ў салён электронны квіток трэба будзе паднесьці да валідатара, які зьлічыць з вашага рахунку патрэбную суму і выдасьць папяровы квіток.

«Трэба тлумачыць людзям, каб яны маральна рыхтаваліся да новаўвядзеньняў у сыстэме камунальнага транспарту», — заявіў БелТА Аляксандр Барысенка.

Падобная сыстэма даўно працуе ў краінах Эўразьвязу. Для таго, каб выбраць аптымальны від аплаты праезду, менскія транспартнікі адмыслова наведвалі Прагу і Рыгу. Прыклад апошняй ім, дарэчы, спадабаўся болей за ўсё.

«З электронным квітком «можна прапанаваць столькі варыянтаў аплаты — аж да гадзін ці дзён і на тыдзень, ці на працоўныя дні, ці толькі на адзін від транспарту, ці нават на адзін маршрут! — дзяліўся ўражаньнямі зь мясцовай прэсай у час нядаўняга наведваньня Рыгі гендырэктар „Мінсктрансу“ Лявонцій Папёнак. — А далей можна падключыць электронны кашалёк і аплачваць э-квітком паслугі ў іншых сфэрах. І чыгунку, і ўсё што заўгодна — дай толькі палёт фантазіі».


Так выглядае электронны білет у Вільні

Па словах кіраўніка «Мінсктрансу», кампаніі, што абслугоўвае ўсю грамадзкую транспартную сыстэму сталіцы, «кандуктары — гэта каменнае стагодзьдзе». Цяпер у Менску працуюць 1 200 кандуктараў, што складае толькі 20% ад патрэбнага. Пасьля ўвядзеньня электроннага квітка ўсе яны зоймуцца праверкай аплаты праезду. Цяпер гэта функцыя ўскладзеная ў тым ліку і на эканамістаў ды інжынэраў «Мінсктрансу», што правяраюць талёнчыкі ў вольны ад асноўнай працы час.

Паводле спадара Папёнка, з увядзеньнем э-квітка пасажырам прапануюць набор зьніжак. Укараненьне сыстэмы падобнай да рыскай абыдзецца менскім уладам прыкладна ў 17 да 20 мільёнаў эўра.

Плянуецца, што на поўную сыстэма электронных білетаў запрацуе з 2012 году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.