Да 2013 году ў Менску пабудуюць 45 км веладарожак

Менская мэрыя вырашыла ўзьвесьці прыкладна па 5 км роварных дарожак у кожным раёне сталіцы.

На думку новага мэру Менску Мікалая Ладуцькі, веладарожкі вельмі запатрабаваныя ў горадзе. Але іх масавым будаўніцтвам ніхто займацца не зьбіраецца. Паводле даручэньня Ладуцькі, кожны раён сталіцы мусіць распрацаваць плян па ўзьвядзеньню толькі 5 км роварных дарожак, перадае «Мінск-Навіны».

У выніку Менск да 2013 году рызыкуе абзавесьціся роварнымі трасамі, якія па працягласьці параўнальныя з двума менскімі «велабанамі» ўздоўж Сьвіслачы. Будаўніцтва апошняга, аднак, расьцягнулася на год болей, чым плянавалася, і каштавала 10 мільёнаў даляраў.

Раней агенцтва паведамляла, што «ў 2010–2011 гадах заплянаванае будаўніцтва яшчэ адной трасы для двухколавага транспарту на праспэкце Дзяржынскага на ўчастку ад вуліцы Кіжаватава да Менскай кальцавой аўтадарогі. Яе працягласьць складзе 14 кілямэтраў». Ці ўключаная гэта дарожка ў новыя пляны Менгарвыканкаму, не паведамляецца.

Да прыкладу, працягласьць роварных дарожак у Вене складае прыкладна 100 км, Варшаве — 270 км, Парыжы — амаль 400.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0569 seconds.