У краінах ЭЗ абмежаваныя тарыфы на размовы ў роўмінгу

Вандроўнікі, якія маюць сім-карты мабільных сетак адной з 27 краін Эўрапейскага зьвязу, цяпер могуць яшчэ болей зэканоміць на размовах у роўмінгу. Эўракамісія зьнізіла максымальны кошт размовы ў замежнай сетцы да 39 эўрацэнтаў, пры гэтым усталяваўшы максымальны памер рахунку за роўмінг.


Фота CORBIS

Некалькі гадоў таму выканаўчая ўлада Эўразьвязу, Эўрапейская камісія, вырашыла паменшыць тарыфы на тэлефанаваньні ў роўмінгу ў межах ЭЗ. У выніку з 1 ліпеня 2009 году ў аб’яднанай Эўропе зьявіўся «столь» кошту размовы ў роўмінгу, а таксама максымальны кошт смс-паведамленьня. Праз год гэты максымум зноў апусьцілі.

Мабільных апэратараў вымусілі зьнізіць максымальны кошт адной хвіліны размовы да 39 эўрацэнтаў (каля 1470 рублёў). За хвіліну ўваходзячага тэлефанаваньня прыйдзецца плаціць максым 15 цэнтаў (570 рублёў), за смс 11 (415 рублёў). З 1 ліпеня 2011 году пачнецца трэці этап зьніжэньня коштаў тэлефанаваньняў. Апэратары мусяць абмежаваць кошт сыходзячых званкоў да 35 эўрацэнтаў, а ўваходзячых да 11.

Для параўнаньня, кошт на хвіліну сыходзячага тэлефанаваньня зь сім-карты беларускага апэратара ў суседняй Літве вагаецца ад 2 500 рублёў да амаль 5 000. Калі ж зь Літвы тэлефанаваць у іншыя краіны ЭЗ, то за хвіліну размовы прыйдзецца выкласьці каля 7 500 рублёў.

Таксама ў межах ЭЗ абмежаваны памер рахункаў, якія могуць атрымліваць кліенты мабільных сетак па выніках карыстаньня роўмінгавымі паслугамі. У большасьці краін ЭЗ ён будзе абмежаваны 50 эўра, хаця суму гэтую можна як зьменшыць, так і павялічыць. Гэта было зроблена, каб прадухіліць эўрапейцаў ад занадта вялікіх выдаткаў на тэлефонную сувязь, што часта ўзьнікнуць у час вандровак.

Максымальная цана аднаго мэгабайту мабільнага інтэрнэту абмежаваная 80 эўрацэнатамі, а з 2011 году складзе 50 цэнтаў. Па новых правілах у той момант, калі кліент перабярэ найбольшы памер свайго рахунку за роўмінг, ён атрымае паведамленьне ад апэратара, а яго мабільны інтэрнэт будзе неадкладна адключаны.

Паводле GSMArena.com

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0046 seconds.