У Чыжоўцы пабудуюць Дыснэйлэнд

У аддаленым менскім мікрараёне разам з будаўніцтвам пляцоўкі хакейнага ЧС-2014 гарадзкія ўлады ўзьвядуць забаўляльны этна-комплекс з рыцарамі і млынамі, які зойме плошчу амаль трох стадыёнаў «Дынама».


Так выглядае апошні варыянт праекту спартовага комплексу «Чыжоўка-Арэна». Апублікавана ў блогу darriuss

Забаўляльны комплекс, які менскія ўлады называюць чамусьці «беларускім Дыснэйлэндам», пабудуюць у мікрараёне Чыжоўка.

«Тут будзе своеасаблівая зона Дыснэйлэнду — пабудуюць культурна-забаўляльны і спартыўны комплекс «Чыжоўка-Арэна», трэцюю чаргу заапарка, этнакультурны цэнтар «Беларуская спадчына», — заявіў БелТА выконваючы абавязкі мэра сталіцы Мікалай Ладуцька.

Парк 900-годзьдзя Менску мусіць стаць месцам прыцягненьня турыстаў. Сюды з Драздоў ужо пабудаваная веладарожка, хутка пачнецца ўзьвядзеньне хакейнай пляцоўкі «Чыжоўка-Арэна» на 7 тысячаў гледачоў, якая разам з працуючай «Менск-Арэнай» прыме ў 2014 г. чэмпіянат сьвету па хакеі. Як і «Менск-Арэна», чыжоўскі комплекс стане пляцоўкай для правядзеньня канцэртаў.

Беларускі «Дыснэйлэнд» пад кодавым імём «цэнтар «Беларуская спадчына» стане на думку ўладаў добрым дадаткам да «Арэны». На тэрыторыі, параўнальнай па плошчы з трыма менскімі стадыёнамі «Дынама», пабудуюць музэй пад адкрытым небам. У ім зьявяцца рыцарскія палацы, пякарні, нават млын.


Адзін з папярэдніх варыянтаў праекту «Чыжоўка-Арэны»

Ужо анансаваныя некалькі тэматычных пляцовак «Дыснэйлэнду»: «Стольны град», прысьвечаны старажытным княствам, «Сялянскi падворак», у якім турысты будуць адзначаць Купальле, Каляды або Масьленіцу, «Панскi Фальварак», дзе можна будзе пачуць сябе за сапраўднага шляхціца. Комплекс населяць балотнымі ведзьмамі, дзікімі жывёламі, пчоламі. Праекціроўшчыкі не забыліся і на павільён «Знакамiтыя людзi Беларусi».

Гэта ўжо ня першая спроба заснаваць «беларускі Дыснэйлэнд». Год таму плянавалася разьмесьціць яго ў раёне Сілічаў альбо Раўбічаў. Праект каштаваў $750 мільёнаў, але неўзабаве ад яго адмовіліся.

Як ставяцца да пытаньня захаваньня аўтарскіх правоў у выпадку зь менскім забаўляльным цэнтрам у кампаніі Walt Disney, не паведамляецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.