Лекцыі па дадатковым прадмеце «Беларуская дзяржаўная ідэалёгія» пачнуцца з наступнага сэмэстру
Лекцыі па дадатковым прадмеце «Беларуская дзяржаўная ідэалёгія» пачнуцца з наступнага сэмэстру. Такую навіну сёньня агучылі карэспандэнты ОНТ. Таму на дадзены момант вядзецца падрыхтоўка выкладчыкаў, што павінны распавядаць студэнцкім галовам пра “дасягненьні” палітыкі сучасных уладаў.
Падрыхтоўка выкладчыкаў распачалася на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ. Мэтодыку выкладаньня асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы засвойваюць 62 выкладчыкі зь менскіх і рэгіянальных ВНУ.
Чытаць выкладчыкам лекцыі па новым прадмеце будуць вядомыя людзі, якія маюць шматлікія заслугі перад кіраўніком Беларусі. У ліку гэтых асобаў старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч.
З пачатку наступнага году пачнецца другі этап па падрыхтоўцы выкладчыкаў ідэалёгіі. У гэты час будуць рыхтаваць выкладчыкаў зь сярэдніх і сярэднеспэцыяльных навучальных установаў.
Банальна казаць, што увядзеньне такога прадмету наўпрост парушае правы студэнтаў. Студэнт – дарослы самастойны чалавек, які мае права самастойна аналізаваць палітычныя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі.
Увядзеньне такога прадмету ёсьць для афіцыйных уладаў мэханізмам дасягненьня свах палітычных задачаў. Няма ніводнай краіны ў Эўропе, дзе б існаваў падобны курс.