Студэнтаў-завочнікаў будуць забіраць у войска

Палата прадстаўнікоў прыняла 14 чэрвеня ў другім чытаньні законапраект «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе».

Такія папраўкі былі ўнесеныя ў законапраект у сьнежні 2009 у першым чытаньні. Тады намесьнік міністра абароны Пётр Ціханоўскі заўважыў, што неабходнасьць унясеньня паправак зьвязаная са штогадовым скарачэньнем колькасьці прызыўнікоў. Зь яго словаў, апошнім часам колькасьць грамадзянаў, якім споўнілася 18 гадоў, штогод скарачаецца на 5–7%.

Законапраектам таксама прадугледжаная магчымасьць прадастаўленьня адтэрміноўкі па выпраце жыльлёвых крэдытаў грамадзянам, прызваным на тэрміновую вайсковую службу.

Таксама паводле дакуманту вайсковую прысягу цяпер мусяць прымаць студэнты, якія навучаюцца на праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу. Апроч гэтага, замацавана абгрунтаваньне, па якім кантракт з вайскоўцам можа быць скасаваны датэрмінова за аднаразовае парушэньне яго ўмоваў.

У пачатку лютага дэпутат Здановіч прапаноўваў скасаваць адтэрміноўку ад прызыву і для студэнтаў-платнікаў, аднак прапанова тады не знайшла падтрымкі ў Міністэрстве Адукацыі і Адміністрацыі прэзыдэнта. Тады ж чыноўнікі абяцалі, што скасаваньне адтэрміноўкі для завочнікаў не закране ўсіх студэнтаў завочнай формы навучаньня, а ў войска возьмуць толькі столькі студэнтаў, каб даўкамплектаваць структуры да неабходнай колькасьці. Як будзе гэта ажыцьцяўляцца на практыцы, не паведамляецца.  

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.