Тэма футболу і Афрыкі раскрытая ў новым відэа «Без Билета» feat. Aoo&ooA

«Безьбілетнікі» працягваюць выкладаць кліпы адзін за адным. Гэтым разам прыхільнікаў парадуе відэа «Афрыка» на футбольны рэмікс «Без Билета» feat. Aoo&ooA, зьнятае рэжысэрам Максам Сірым напярэдадні Чэмпіянату Сьвету па футболу ў ПАР і якое ўвойдзе ў пілотны выпуск праграмы «У гасьцях у Ктулху» на канале A-ONE. Убачыць кліп і спампаваць трэк можна ўжо зараз.

«Візуалізацыя атрымалася жартоўнай, але цалкам сабе спартыўнай. Плянуецца, што і перадача будзе вясёлай, але з пэўным спартыўным інтарэсам як для DJ-прадусараў, так і для прадстаўнікоў рок і альтэрнатыўнай сцэны. У любым выпадку, мы накіраваныя на разьвіцьцё музычнай культуры, хай нават для гэтага нам спатрэбіцца зьміксаваць немагчымае», — заявіў Андрэй Ісачанка, лідэр ТС antidot, якія і замуцілі на A-ONE праграму «У гасьцях у Ктулху».

Удзельнікамі першай перадачы, якія прадаставілі сваю музыку ды-джэям «для досьледаў», стаў гурт «Без Билета» (спампаваць футбольны рэмікс).

«Падобнае творчае сутыкненьне — выдатны досьвед, — лічыць лідэр ББ Віталь Артыст. — Асабліва калі маеш справу з талковымі хлопцамі, як у нашым выпадку. Радуе таксама, што пасьпелі з футбольным рэміксам і кліпам да чэмпіянату. Пакуль не атрымліваецца ўбачыць фінал Беларусь-Бразылія 5:0, але мы іх кліпамі прыкладзем».

Перадача «У гасьцях у Ктулху» задуманая як экспэрымэнт над музыкай і музыкамі, настолькі ж пацешны, як і гаспадар перадачы, інтэрнэт-монстар Ктулху, настолькі ж загадкавы, як і яе вядучыя (іх імёны пакуль захоўваюцца ў таямніцы). У эфіры ўдзельнікі праграмы сумесьцяць і візуалізуюць магістральныя музычныя плыні: рок і электронную музыку. Зьмешваць забойны рок-дэнс кактэйль будуць лепшыя ды-джэі, рэкамэндаваныя парталам TopDJ.

Дарэчы, на днях у эфірнай сетцы расійскага тэлеканала A-ONE таксама зьявіўся кліп на арыгінальную вэрсію «Афрыкі», прызнаны лепшым беларускім відэа 2009 года.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.