Пасьля сьмерці кіеўскага студэнта ва Ўкраіне распачынаецца грамадзкі рух супраць міліцыі

Украінская міліцыя назвала ўласную вэрсію гібелі кіеўскага студэнта ў пастарунку: праваахоўныя ворганы да сьмерці не датычныя. Між тым справа перабіраецца ў палітычнае поле: у Кіеве і іншых гарадах адбыліся мітынгі пратэсту супраць дзеяньняў міліцыі. Мітынгоўцы патрабуюць адстаўкі пракурора і міліцэйскага кіраўніцтва, датычнага да справы.


Пратэсты ў Кіеве. Фота tochka.net

Кіраўнік галоўнага ўпраўленьня МУС Украіны ў Кіеве Аляксей Крыкуноў прадставіў дэпутатам Вярхоўнай Рады даклад, у якім выклаў храналёгію здарэньня ў Шаўчэнкаўскім аддзяленьні міліцыі, дзе два тыдні таму загінуў студэнт. Паводле вэрсіі міліцыі, у дзеяньнях яе супрацоўнікаў парушэньняў не было, піша КоммерсантЪ.

19-гадовы Ігар сьвяткаваў у інтэрнаце свой 20 дзень народзінаў. У 8 гадзін вечара ён выйшаў праводзіць сябра, але сутыкнуўся з участковым, які пражываў у гэтым жа будынку. Як распавядаюць студэнты, завязалася сварка, і міліцыянт прапанаваў праехаць у РАУС. Хлопец згадзіўся і самастойна сеў у машыну міліцыянта. Больш хлопца ў інтэрнаце ня бачылі.

Паводле вэрсіі міліцыі, у пастарунку студэнт некалькі разоў упаў. У выніку гэтага ён і памёр:

«Празь некаторы час, улічваючы тое, што ён быў у нецьвярозым стане, гэты студэнт упаў на падлогу. Яшчэ раз паўтараю: сам упаў на падлогу», — заявіў у Вярхоўнай Радзе спадар Крыкуноў.

Увечары да студэнта выклікалі хуткую, але, паводле справаздачы МУС, дактары адмовіліся забіраць Ігара, хаця на гэтым і настойваў участковы. Каля 04:40 студэнт «зваліўся з лаўкі» апошні раз, пры гэтым у пакоі для затрыманых разам зь ім знаходзіліся яшчэ два чалавекі. Пачуўшы шум і зайшоўшы ў пакой, дзяжурны выклікаў хуткую, але выратаваць юнака не атрымалася.

Пасьля здарэньня студэнты зь інтэрнату, дзе жыў Ігар, казалі, што міліцыя цісьне на іх з мэтай, каб падлеткі заявілі, што нібыта была бойка, і студэнт садзіўся ў міліцэйскую машыну ўжо зьбіты з праломленай галавой. Гэта інфармацыя не была адлюстраваная ў справаздачы МУС.

Як перадае УНИАН, упаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах чалавека Ніна Карпачава назвала сьмерць студэнта забойствам. Яна лічыць, што міліцыя паспрабуе «замяць» гэтую справу. Спадарыня Карпачава запатрабавала адстаўкі кіраўніцтва Шаўчэнкаўскага аддзяленьня міліцыі. Па яе словах, парушэньні правоў чалавека ў гэтым аддзяленьні — справа рэгулярная.


Пратэсты ў Кіеве. Фота tochka.net

Адстаўкі раённага і, магчыма, генэральнага пракурору патрабуюць студэнты, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, а таксама палітычных партый, якія зьбіраюцца на мітынгі ў Кіеве і іншых украінскіх гарадах. Учора на мітынг каля скандальнага райаддзелу прыйшлі каля 300 чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.068 seconds.