Абы не было вайны

“Заняткі па Вялікай Айчыннай вайне” – вы ня чуеце нічога дзіўнага ў гэтым спалучэньні? Студэнты лінгвістычнага ўнівэрсытэту, як і іншых навучальных установаў краіны, на сваёй скуры адчуваюць новы “падарунак” міністэрства адукацыі.

Размова з студэнткамі другога курсу МДЛУ:

Калі пачалося выкладаньне прадмету “Вялікая айчынная вайна”?    

 (Студэнтка К): Зь сярэдзіны верасьня. Казалі, што будзе выкладацца на ўсіх курсах, але на першым курсе гадзінаў па гэтым прадмеце будзе болей. Таму застаецца толькі радавацца, што я ўжо на другім.

Спачатку прачытаюць курс лекцыяў, пасьля дадуць выканаць нейкае заданьне, калі атрымаеш у суме 33-38 балаў, то будзе залік аўтаматам.

Якая працягласьць курсу?   

  (Студэнтка К.): Адзін сэмэстар. Пра сэмінары нічога не казалі, толькі пра тэст.

Што вы там праходзіце?   

(Студэнтка К.): Прычыны вайны, адносіны паміж Нямеччынай і СССР, якія дамовы яны падпісвалі...Расказваюць, што Савецкі Саюз быў непадрыхтаваны да вайны, колькі ў каго было танкаў. Амаль усё гэта мы ведалі з школьнага і ўнівэрсытэцкага курсу гісторыі.

Як увогуле студэнты рэагуюць на ўвядзеньне гэтага прадмету?     

(Студэнтка К.): Людзі рэагуюць тым, што не наведваюць. На лекцыях мусяць сядзець тры факультэты разам (гішпанскі, нямецкі, францускі), але звычайна агульная колькасьць людзей ледзь-ледзь цягне на адзін факультэт. Заняткі да таго ж  праходзяць у актавай залі – а там заўсёды холадна.

Як лічыце, чаму вам гэта чытаюць?

(Студэнтка К.): Ну, 60годзьдзе вызваленьня Беларусі, круглая дата...

(Студэнтка Н.): І асабліва ў сувязі з гэтым цікава даведвацца, колькі там танкаў у каго было, самалётаў. (іранічна ўсьміхаецца)

 Як лічыце, вам гэты прадмет карысны? патрэбны?   

(Студэнтка Н.): Як мы казалі, шмат што мы праходзілі ў школе і на занятках па гісторыя ва ўнівэрсытэце. Што нам гэты курс дасьць? Ня ведаю. Не сказаць, каб ён быў надта неабходны. Хіба толькі, калі няма чым час заняць...Я лічу, што тыя паўтары гадзіны можна было выдаткаваць на нешта больш карыснае, на іншы прадмет.     

(Студэнтка К.): Большасьць студэнтаў прыходзяць, сядзяць і размаўляюць. Проста каб прысутнічаць.

На маім трэцім курсе абяцаюць увесьці “Вялікую Айчынную вайну” толькі ў другім сэмэстры. Баюся, што будзе занадта вялікім перабольшваньнем сказаць, што мы яе чакаем зь нецярплівасьцю.

kipryda 00:00, 09/10/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0654 seconds.