Француская паліцыя забараніла масавую офлайн паці карыстальнікаў Facebook
Парыскім карыстальнікам сацыяльнай сеткі забаранілі зьбірацца ля Эйфэлевай вежы на масавыя кактэйльныя паці пасьля таго, як на адной зь іх загінуў француз. Для спыненьня юзэраў было абвешчана аб адмысловай забароне на расьпіцьцё алькаголю і спэцыяльных мерах бясьпекі ў раёне Марсавага полю.
На гіганцкія паці карыстальнікаў Facebook зьбіраліся да 10 тысячаў чалавек. Фота Reuters
Вялікія тусоўкі моладзі на Марсавым полі, званыя «Facebook-апэрэтывы», прыцягвалі да 10 тысяч чалавек. Бліжэйшая мусіла адбыцца на мінулым уікэндзе. Але паліцыя вырашыла ўвесьці забарону на расьпіцьцё алькаголю ў раёне Эйфэлевай вежы пасьля сьмерці адно з удзельнікаў мінулай вечарыны ў Нанце. Гаротнік зваліўся з мосту і памёр.
Гэта сьмерць стала першай за час правядзеньня кактэйльных паці, якія часьцяком ператвараліся ў вялікія п’янкі, паведамляе Reuters.
«Спажываньне алькаголю на Марсавым полі знаходзіцца пад забаронай, „Вялікая кактэйль-паці“ ў нядзелю адбыцца ня можа», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні парыскай паліцыі.
Таксама паліцыя забараніла праносіць у раён Facebook-тусоўкі бутэлькі і ёмістасьці з алькаголем. Гіганцкія паці сталі галоўнай тэма ў мясцовых СМІ, прадстаўнікі ўсіх палітычных плыняў вырашылі выказацца на гэты конт. Цяпер у Францыі, дзе раней было прынята спажываць алькаголь у коле блізкіх, абмяркоўваецца закон, які павялічыць узрост, ад якога можна піць, з 16 да 18 гадоў.
Юзэры ўжо пасьпелі правесьці 58 паці. Больш за 30 плянаваліся. Фота Reuters
Па словах прадстаўнікоў паліцыі, калі арганізатары будуць узгадняць мерапрыемствы папярэдне, знойдуць «адпаведнае месца і час» для «кактэйль-паці», то паліцыя усё ж дазволіць юзэрам сабрацца разам.