Палякі абдумваюць, ці варта адпраўляць п’яных раварыстаў за краты

У Польшчы дзейнічае закон, паводле якога раварыст, які выпіў нават адну пляшку піва, пазбаўляецца права кіраваць роварам. А ў некаторых выпадках небарака можа і ў турму на 10 месяцаў трапіць. Дэпутаты польскага сэйму прапануюць зьмякчыць закон, які лічаць адным з самых жорсткіх у Эўропе.

Адпаведна з цяперашнім заканадаўствам, сесьці ў турму на 10 месяцаў, альбо атрымаць штраф і дакладна пазбавіцца правоў на кіраваньне роварам можна нават з-за адной пляшкі піва альбо 0.2 прамілі алькаголю ў крыві. Каля 2 тысячаў палякаў ужо трапілі ў рукі паліцыі ў нецьвярозым стане ў час кіраваньня ровару.

Але некаторыя палякі лічаць закон несправядлівым і прапануюць зьмяніць яго на больш лібэральны, піша Gazeta Wyborcza. Дэпутат сэйму ад кіруючай партыі Грамадзянская плятформа Артур Герада (Artur Gierada) ужо падрыхтаваў папраўкі ў закон, што прадугледжваюць пакараньне п’яному раварысту толькі пры выяўленьні ў ягонай крыві больш за 0.5 прамілі алькаголю.

Паводле яго словаў, закон несправядлівы, бо за адно піва можна сесьці ў турму і пазбавіцца правоў кіроўцы на год ці болей. Тым больш былі выпадкі пакараньня людзей, якія ў нецьвярозым стане проста вялі ровар. Яшчэ адзін довад Герады — ужываньне менш строгіх пакараньняў да нецьвярозых раварыстаў у іншых краінах ЭЗ. У Францыі караюць за 0.6 прамілі, у Нямеччыньне — за 1.6.

Аднак ініцыятыва знайшла падтрымку не ва ўсіх парлямэнтарыяў. Кансэрватары з партыі Права і справядлівасьць, лідэрам якой зьяўляецца брат нядаўна загінуўшага прэзыдэнта Леха Качыньскага, лічаць, што паслабленьні ўводзіць ня варта: учорашні нецьвярозы раварыст заўтра можа ператварыцца ў нецьвярозага аўтамабіліста.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.046 seconds.