Заяўкі на конкурс «Басовішча-2010»: гурты Metalgues, DiAS і Volk
Generation.by
працягвае агляд гуртоў, якія сёлета паспрабуюць свае сілы ў змаганьні
за галоўныя прызы конкурснай часткі фэстывалю «Басовішча» 16-17 ліпеня ў
Гарадку (Польшча). Інфармацыя, mp3, амбіцыі на перамогу – у пятай
тройцы гуртоў, чые заяўкі арганізатары фэсту прынялі на конкурс: Metalgues, DiAS і Volk.
Кожны з гуртоў, чыю заяўку прынялі для разгляду ў межах конкурсу арганізатары Басовішча-2010, адказаў Generation.by на тры пытаньні: ці бываў на Басовішчы раней, якія спадзевы на ўдзел і ці даводзіцца рэдагаваць праграму адмыслова пад конкурс. Таксама дадаем агульную інфармацыю пра канкурсантаў, mp3 выкладаюцца са згоды выканаўцаў.
Metalgues
Наваградак / 2008 / folk-thrash-melodic-metal / Зорка Венера (mp3)
Гурт «Metalgues» быў заснаваны ў 2008 годзе гiтарыстам Германам Кулікам ды вакалiстам i
Хлопцы дакладна зьяўляюцца самым маладым гуртом у конкурсе Басовішча па ўзросьце ўдзельнікаў. Менская публіка магла бачыць Metalgues жыўцом на фэсьце «Музычны апэльсін» у красавіку 2010, дзе хлопцы зладзілі абсалютна «не дзіцячы» выступ.
«Для нас Басовiшча — гэта мара. Аднак калi б яна зьдзейсьнiлася, гэта дало б нам магчымасьць данесьцi свае музычныя творы да большай колькасьцi слухачоў, пазнаёмiцца i дакрануцца блiжэй да беларускай музычнай культуры, набыць новы вопыт, пазнаёмiцца зь цiкавымi творчымi людзьмi.
Каб падаць заяўку на Басовiшча, мы адмыслова езьдзiлi ў Менск на студыю, каб зрабiць
дэма-запiс . Праграму таксама карэктуем крыху — у асноўным музыку, амаль кожную рэпэтыцыю мы ўдасканальваем, ускладняем свае творы, бо жадаем, каб нас успрымалi як сур’ёзны гурт».
DiAS
Узда / 1999 / рок / Нявеста (mp3)
Гурт DiAS з упэўненасьцю можна назваць монстрам узьдзенскай эстрады. Гэтая каманда самая старэйшая ў горадзе па часе свайго існаваньня. Самым першым буйным дасягненьнем хлопцы лічаць 2-е месца на рэспубліканскім конкурсе «Таленты вуліц» у 2001 годзе. Вясной 2003 года з 30 маладых каманд яны занялі 5 месца ў радыёконкурсе «Адкрытая пляцоўка». Два гады запар калектыў удзельнічаў у канцэрце ў межах фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску». У траўні 2006 году гурту ўдалося выступіць на пятым міжнародным фэстывалі «Каяльские чтения на Дону», адкуль хлопцы прывезьлі гран-пры. У верасьні 2006 года хлопцы выступілі на V адкрытым форуме Данбаса «Моладзь бязь межаў», дзе годна прадставілі сваю краіну.
На рахунак гурта можна залічыць многія выступы ў Беларусі, у сталічных клюбах, удзел у фэстывалях «Арт-хаўс», якія праходзілі ў 2005 і 2006 гадах у Маладзечна — з апошняга музыкі прывезьлі перамогу. Ад Басовішча DiAS чакае перамогі і пракладае да гэтага вельмі шмат намаганьняў.
Volk
Менск / 2002 / gothic metal & ezoteric pop / Це віщий сон (mp3)
«VOLK» — беларускі рок-гурт, створаны ў 2002 годзе. «VOLK» зьяўляецца адным з самых непапулярных беларускіх гуртоў з-за эпатажнасьці яго ўдзельнікаў. «Ужо прасьцей горад зьмяніць і пачаць усё нанова. Кожны з удзельнікаў — моцная і эксцэнтрычная асоба, якая прайшла агонь, ваду, медныя трубы і псыхдыспансэр. І толькі любоў да гатычнай музыкі аб’яднала ўдзельнікаў у дадзеным ансамблі. Кожны прыход на рэпэтыцыю рытуальны, адносіны паміж музыкамі нагадваюць сэкту, бо развучваюцца ня толькі ноты, але і адшліфоўваецца сьвядомасьць. У гурта адзін альбом, 27 канцэртаў, якія гурт называе — разьмінкай перад стартам», — такое апісаньне даслалі музыкі ў заяўцы на конкурс Басовішча.
«У Басовішчы мы пакуль ня ўдзельнічалі, але спадзеў маем толькі адзін — першае месца. Праграму карэктуем толькі ў тэкстах, каб усе песьні былі па-беларуску».
Арганізатары фэстывалю — сябры «Беларускага аб’яднаньня студэнтаў» у
Польшчы — завершылі прыём заявак на конкурс
«Басовішча-2010». Фінальную колькасьць прынятых заявак і агляд кожнага з
гуртоў чакайце на Generation.by у бліжэйшыя дні.