Шоў аднаго Вакарчука

Вакарчук

«Океан Ельзи» чарговы раз апынуўся на беларускіх землях, цяпер з турам Dolce Vita. Адным зь першых гарадоў на іх шляху аказаўся Менск, які музыкі, не адкладаючы ў доўгую шуфляду, скарылі адным махам, прымусіўшы менчукоў раскупіць усе квіткі за 45 дзён да канцэрту.

У разгар «беларусізацыі» Ўкраіны, дзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў дзяржава пачала мяняць курс, а ўлады — сымпатызаваць беларускім мэтадам культурнай і міжнароднай палітыкі, сын былога міністра адукацыі і сам былы народны дэпутат, нацыянальны герой яшчэ той, «юшчанаўскай» Украіны, Сьвятаслаў Вакарчук апынуўся ў Беларусі. Ніякіх палітычных заяваў, акрамя, бадай, чыста львоўскай сваёй вернасьці роднай мове ў кантактах з публікай, лідэр Океану не рабіў. І ня трэба было: фанаты і фанаткі прыйшлі адарвацца пад даўнія стадыённыя гіты, якіх у «Океану Ельзи» на шчасьце багата.

Канцэрт «Океана Ельзи» — гэта перш за ўсё адрэпетаванае шоў. Вось вам палац спорту, не істотна, кіеўскі, менскі, саратаўскі. Вось гераічны Вакарчук, клясычна спазьніўшыся, зьяўляецца на сцэне. І школьніцы, і студэнткі, і дамы «за трыццаць» напаўняюць забітую залю супольным віскатам.

Вакарчук пачынае зь львоўска-настальгічнага «Там, де нас нема», напісаным яшчэ ў пераломна пасьпяховым для «Океану» 97-м. Скідае пінджак, пасьля, песьня за песьняю, гузік за гузікам, агаляе валасатыя грудзі, і пад канец, калі амаль увесь малазнаёмы менчукам задушэўны Dolce Vita сьпеты, Сьвятаслаў Вакарчук канчаткова пазбаўляецца ад кашулі. Жаночая палова залі прыходзіць у экстаз, а Вакарчук няспынна паўтарае адзін і той жа рух, ад чаго экстаз толькі павялічваецца.

«Дзякуй, Мінск», — Вакарчук ставіць мікрафон у стойку і сыходзіць. За ім сцэну пакідае ўвесь гурт. Праходзіць пяць хвілін, і «Океан Ельзи» зноўку на сцэне. Гучыць яшчэ ня сьпетая пяцёрка самых адборных і беззаганных, затым другі біс, трэці…

Нарэшце вакаліст гурта кажа фінальнае «дзякуй» і сьвятло ў залі загараецца.

Увесь канцэрт не пакідае ўражаньне, што знаходзісься на шмат разоў граным, якасным шоў, шоў аднаго актора. Тут ня трэба труны Metallica ці балет Мадонны. Дастаткова гераічнага, аксамітагалосага і па-мэрк’юраўскі харызматычнага Вакарчука, каб на выхадзе глядач зразумеў: канцэрт атрымаўся.

«Чим більше звичок — тим менше свободи», — напісаў Сьвятаслаў Вакарчук у сваім Твітэры перад беларускімі выступамі. І аказаўся шалёна правы: наперадзе было яшчэ 33 гарады туру.

У фотаблогу глядзіце фотарэпартаж з канцэрту: «Океан Ельзи» ў Палацы спорту

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.