Юбілей у процізапладняльных таблетак

Процізапладняльным таблеткам споўнілася 50 гадоў. Менавіта столькі часу прайшло з моманту зьяўленьня ў амэрыканскіх аптэках гэтага сродку кантрацэпцыі. Навукоўцы кажуць, што дзякуючы «таблеткам» жанчыны сталі свабоднымі, атрымалі кантроль над кар’ерай і далучыліся да сэксуальнай рэвалюцыі.

9 траўня 1960 г. упраўленьне па кантролі якасьці харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў ЗША (FDA) адобрыла прымяненьне процізапладняльных таблетак Enovid 10. З тых часоў, «таблеткі» сталі адным з найбольш распаўсюджаных мэтадаў кантрацэпцыі, піша The New York Times.

Процізапладняльныя таблеткі зьмянілі жыцьці мільёнаў жанчын, даўшы ім магчымасьць самім плянаваць сям’ю. Згодна з амэрыканскімі навукоўцамі, сёньня больш за 100 млн жанчын па ўсім сьвеце прымаюць процізапладняльныя таблеткі. Толькі ў ЗША каля 12 млн жанчын спадзяюцца на гэты мэтад прадухіленьня цяжарнасьці.

Дзякуючы «таблеткам», у жанчын таксама зьявіўся кантроль над уласнай кар’ерай. Як адзначаюць многія сацыёлягі, дзякуючы незалежнасьці, якую набылі жанчыны, прымаючы «таблетку», зьмяніліся і адносіны паміж жанчынай і мужчынам у сям’і і на працы. «Нядзіўна, што процізапладняльныя таблеткі часта разглядаюцца як самае важнае навуковае дасягненьне дваццатага стагодзьдзя» , — адзначае The New York Times.

Цікава, што на пачатку 60-х таблеткі не дазвалялі ўжываць па прамым прызначэньні. Дактары выпісвалі іх толькі пры наяўнасьці патрэбы ў лекаваньні. Кансэрватыўнае заходняе грамадзтва лічыла жанчыну, якая прымала процізапладняльныя таблеткі, «лёгкадаступнай».

Але ў часы студэнцкіх хваляваньняў канца 60-х стаўленьне да «таблетак» зьмянілася. Адбылася сэксуальная рэвалюцыя, духам якой заразілася цэлае пакаленьні хіпі і дзяцей кветак.


Таблеткі падмацавалі сэксуальную рэвалюцыю, і пакаленьне Вудстоку не абмінула іх выгоды 

Цікава, што стаўленьне да гэтага сродку кантрацэпцыі ў розных краінах адрознае. У постіндустрыяльнай Японіі паслугамі «таблеткі» карыстаецца каля 1% жанчын. У Кітаі ад нараджэньня дзіця прадухіляецца да 87% жанчын, і толькі 2% зь іх — з дапамогай «таблеткі».

Якасьць процізапладняльных таблетак прыкметна палепшылася ў 80-х — 90-х гадах. Аднак з-за пабочных эфэктаў першых «таблетак» у некаторых краінах да такога спосабу кантрацэпцыі дагэтуль ставяцца зь недаверам. Яшчэ не прайшло дастаткова часу для таго, каб з упэўненасьцю казаць аб усіх перавагах і недахопах процізапладняльных таблетак. Напрыклад, пакуль застаецца незразумелым, наколькі гарманальныя кантрацэптывы зьвязаныя з ракавымі захворваньнямі сярод жанчын.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3164 seconds.