Памёр брытанец, які паспрачаўся на сваё жыцьцё

Жыхар Брытаніі, які пакутаваў на рак і выйграў 10 000 фунтаў, паставіўшы на тое, што пражыве даўжэй, чым прадказвалі яму лекары, памёр ва ўзросьце 60 гадоў.

У 2006 годзе ў Джона Мэцьюса з гарадку Мілтон-Кэйнс была дыягнаставаная злаякасная мэзатэліёма — пухліна, якая нярэдка ўзьнікае ў выніку кантакту з азбэстам. Дактары казалі, што мужчыне засталося жыць ня болей за некалькі месяцаў.

Як паведамляе BBC, пачуўшы пра дыягназ, Мэцьюс зьвярнуўся ў букмэкерскую кантору, дзе зрабіў дзьве стаўкі па 100 фунтаў (116 эўра) (пры шанцы 50:1) на тое, што ён усё яшчэ будзе хадзіць па плянэце да чэрвеня 2008 і 2009 гадоў.

Так за два гады яго кішэня папоўнілася 10 тысячамі фунтаў. Аднак трэцяя аналягічная стаўка пайшла прахам, бо спадар Мэцьюс не дажыў да 1 чэрвеня 2010 году.

У мінулым годзе Мэцьюс сказаў:

«Думаю, я першы чалавек у сьвеце, які зрабіў стаўку на сваё жыцьцё».

«Калі мне паставілі дыягназ, мне сказалі, што мэзатэліёма — гэта сьмяротны прысуд. Я ня моцна перажываў з-за гэтага, бо ўсе рана ці позна паміраюць. Але мяне зацікавіла, колькі мне засталося — тыдні альбо гады?» — казаў брытанец.

Па словах уладальніка букмэкерскай канторы, яму было зусім не шкада аддаць спрачальніку два выйгрышы па 5 000 фунтаў. Сам Мэцьюс абяцаў у выпадку выйгрышу выдаткаваць большую частку грошай на дабрачыннасьць, у тым ліку на карысьць фонду барацьбы з ракам.

Яго сябар і партнэр па бізнэсу Джон Нікалс распавёў, што калі Мэцьюсу паставілі дыягназ, той быў вельмі засмучаны. Аднак гэты чалавек, па словах Нікалса, па натуры быў вынаходлівым прадпрымальнікам: вельмі хутка пасьля таго як Мэцьюс даведаўся пра свой дыягназ, ён арганізаваў невялікі бізнэс па стварэньні сямейных відэафільмаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4214 seconds.