У Расеі прапануюць адпраўляць у войска студэнтаў пасьля другога курсу
Расейскае Мінабароны прапануе падвысіць прызыўны ўзрост да 30 гадоў, а таксама адмяніць адтэрміноўку ад службы пасьля першага ці другога курсу. Акрамя гэтага ўрад прапанаваў расейскаму парлямэнту пагадзіцца на павелічэньне тэрмінаў прызыўной кампаніі.
Паводле РИА Новости, для абгрунтаваньня сваіх прапаноў расейскія вайскоўцы спасылаюцца на замежны вопыт:
«У большасьці краін сьвету прызываюць у войска тых, каму далёка ўжо за 30, мы прапанавалі абмежавацца ўзростам у 30 гадоў», — заявіў прадстаўнік Генштабу Расеі.
Як і ў Беларусі, у гэтай краіне існуе вялікая дэмаграфічная праблема: у
Таму Генштаб лічыць нармальным, калі студэнты пасьля першага ці другога курсу будуць на год (у Расеі служаць толькі год) сыходзіць у войска, а пасьля вяртацца ў ВНУ. На думку вайскоўцаў, студэнт у выпадку прызыву нічога ня згубіць, бо падобная практыка існуе, калі студэнты бяруць акадэмічны адпачынак.
Яшчэ адна ініцыятыва расейскага Міністэрства абароны — павелічэньне тэрміну прызыўной кампаніі, якая раней сканчалася 30 чэрвеня, а цяпер, калі прапановы будуць прынятыя, працягнецца да восені. Як перадае радыёстанцыя «Эхо Москвы», экспэрты лічаць, што новыя прапановы закліканыя ня даць выпускнікам ВНУ паступіць у асьпірантуру і такім чынам пазьбегнуць вайсковай павіннасьці.
Новыя правілы прызыву могуць быць цікавыя беларусам з пункту гледжаньня надзвычайнай любові беларускіх вайскоўцаў да расейскага вопыту скарачэньня падстаў для адтэрміновак. Так, у час прадстаўленьня ініцыятывы беларускага Мінабароны аб адмене адтэрміноўкі на службу для завочнікаў, вайскоўцы спасылаліся на вопыт усходніх суседзяў, дзе такой адтэрміноўкі няма ўжо некалькі гадоў.
У Беларусі адтэрміноўку для завочнікаў могуць адмяніць ужо гэтым летам.