Шчасьця шмат не бывае — у Менску выступіў Billy’s Band

Більлі Новік

Адназначна, нешта адбываецца, і адбываецца станоўчае. Зямляне пачалі масава наведваць канцэрты, ці то канцэрты павалілі добрыя, адзін лепей за другі. Такім чынам, марсіянскі агент ужо ў другі раз у Менску наведаў выступ піцерскага «пахавальнага дыксілэнду» Billy’s Band і ў другі раз задаволены, як элефант, і такіх была поўная заля. Фактычна аншляг, у добрым сэнсе гэтага няшчаснага слова.

Billys band

16 сакавіка. Саркафаг «Рэактару» глытае бясконцыя гурткі людзей. Народ вясёлы і адкрыты, пэўная колькасьць «падагрэтых», але сёньня можна. Лёгкі градус на такое мерапрыемства — своеасаблівы дрэс-код. Тут галоўнае, каб настрой быў станоўчы, а ён такім і ёсьць.

Гурт Billy’s Band заснаваны ў 2001-м, граў вулічныя канцэрты па розных кутках і закутках, але сапраўдную вядомасьць набыў толькі пасьля таго, як пачаў працаваць з эстэтыкай, а-ля Tom Waits. Імідж паддатых вулічных філёзафаў і рамантыкаў-маргіналаў плюс таленавітае капіяваньне стылістыкі Тома Ўэйтца прынесла свае плады. Нездарма гэта адзін з самых паважаных у Расеі выканаўцаў, бо своеасаблівая мяшанка з таннага алькаголю і простых гісторый тут ня проста мастацкі вобраз — гэта ўжо сапраўднае жыцьцё, якое побач за сьценкай як мінімум.

Billys band

Так, Billy’s Band таксама выглядаюць, як дарожныя валацугі. Іх бы на якую «Фабрыку зорак» адправіць поўным складам, каб паганялі там гэтых «пяшчотных чалавечкаў», далі б ім там пораху панюхаць. Пад час канцэрту мой галаўны працэсар нават выдаваў думку: «А як увогуле такіх пасажыраў пусьцілі ў „прылічнае“ месца?» Не, менавіта падобныя канцэрты і робяць гэткія клюбы «прыстойнымі культурнымі ўстановамі». Тут усё лягічна — у Менск прыйшоў «Вясновы алька-джаз»!

Распавядаць, што гралі/ня гралі — досыць сумна, тым больш ня той гэта гурт, плэйліст якога вам дасьць поўную інфармацыю пра настрой мерапрыемства. Вось чаго сапраўды, здаецца, ніхто не чакаў, дык гэта сольнага сьпеву фронтмэна пад гітару, калі ён рубануў песьню Polly гурта Nirvana. Як кажуць, заля выпала ў асадак.

Billys band
Більлі Новак грае песьню Polly Курта Кабэйна

Сярод алдовага блюзу і джазу абсалютна арганічна разьмясьціўся і грандж. Ніхто б не паверыў, але гэта так. Сьведкі пацьвердзяць. Сапраўды, Billy’s Band трэба бачыць. Трэба ўспрымаць гэты вобраз цалкам (вушамі, вачыма), як Більлі Новік (вакаліст, кантрабасіст, сапраўдны блюзмэн) падводзіць гледачоў да чарговае песьні. Дасьціпны і «ў тэму», абсалютна ў вобразе, ён нешта распавядае такое, ад чаго заля гагоча, і хочацца ці па-сяброўску даць яму па плячу ці «наліць на бары». Такі «Міхалок наадварот» атрымоўваецца: выдатны гумар, талент без «здаровага ладу жыцьця» і цытаваньня латыні.

Нягледзячы на «нясьціплую» назву, Billy’s Band — ня сольны праект Більлі Новіка. Так, Новік тут, канешне, адназначна дае чаду, але немагчыма ўявіць гэты гурт без, напрыклад, Андрэя «Рыжыка» Рэзьнікава. Ён сваёй ну вельмі вялізнай шавялюраю адначасова нагадвае ці то актора піцерскага тэатру «Лицедеи», ці то даволі шпаркага дамавіка Нафаню з мульціка. Між тым гэты невысокі, крыху камічны музыка — адзін з самых лепшых і, галоўнае, цікавых гітарыстаў на ўсёй постсавецкай прасторы. Граючы, рухае сфэры!

Billys band

Узровень усіх музыкаў Billy’s Band вельмі высокі, гэта чуваць, нават пры не заўсёды добрым гуку ў «Рэактары». Гучаньне інструмэнтаў час ад часу лётае, як ракета, то зьяўляецца, то зьнікае, але публіка пяе ўсе песьні слова ў слова, танчыць і радасна крычыць. Нават я нешта там паперамінаўся з нагі на нагу ад такога. Карацей, пануюць вясна і шчасьце.

Billys band

Адыграўшы гадзіну, Billy’s Band сышлі са сцэны. Натуральна — біс! Пасьля яго гурт зноў сыходзіць, і нават пасьля амаль 20 (!)-хвіліннага звышгучнага патрабаваньня публікі зайграць яшчэ Білісы так і не выйшлі! Заўважу, што ў Менску падобныя сытуацыі — рэдкасьць. Часьцей бывае абсалютна наадварот, гурт толькі пачуўшы вадкія аплядысмэнты, ламаючы галаву бяжыць назад на сцэну, бо ён вось, «запатрабаваны», яго на біс клічуць.

Billys band

Billy’s Band усё ж зьявіліся яшчэ, але проста ўселіся на сцэне. Аўтограф-сэсія. Зямляне з-за няўдалага другога бісу пабурчэлі і разышліся па дамах. Шчасьлівыя. Такому неверагодна «свайму» гурту можна дараваць усё, нават тое, што яго нам бывае мала. «Шчасьце ёсьць», але яго шмат не бывае, на то яно і шчасьце.

Зь вясной вас, людзі!

ПРА АЎТАРА

Buzzika 

Нарадзіўся на Дэймасе 200 000 год таму, але ў раньнім дзяцінстве з бацькамі пераехаў на Марс, дзе і вырас. Пасьля школы па разьмеркаваньні трапіў на Тытан, адкуль і быў з дапамогай аптычна-люстэркавай сыстэмы (АЛС) зь сям’ёй і калегамі адпраўлены на Зямлю. У Беларусь патрапіў таму, што яшчэ з савецкіх часоў гэтая краіна спэцыялізуецца на оптыцы ў вытворчасьці дэталяў касьмічных караблёў. Праз АЛС сюды накіраваць было прасьцей.

Імя buzzika не сапраўднае, сапраўднае немагчыма паўтарыць не на адной зямной мове з-за асаблівасьцей марсіянскага маўленчага апарату, але buzzika — найбольш блізкае па гучаньню да сапраўднага імя. Тое ж самае і са зьнешнасьцю. Зьнешне buzzika выглядае як чалавек, але гэта зроблена для зручнасьці камунікацый тут, на Зямлі. Насамрэч buzzika нагадвае зямнога ката. Сапраўдная місія buzzika на Зямлі засакрэчана.

Яшчэ 30 здымкаў з канцэрту Billy’s Band глядзіце ў фотаблогу

Buzzika 16:34, 17/03/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.