“Хочам вучыцца па-беларуску! 2004”: акцыя на Кастрычніцкай, затрыманьні і шэсьце

Хочам вучыцца па-беларуску! 

Яшчэ перад пачаткам акцыі “Хочам вучыцца па-беларуску!”, а 16:00 прадстаўнікі ворганаў правапарадку пачалі затрымліваць удзельнікаў, што выходзілі з мэтро. Непаўнагадовага Франака Вячорку каля дзесятку амапаўцаў у цывільным зацягнулі ў аўтобус, дзе моцна зьбілі і парвалі вопратку. Акцыя працягнулася на Кастычніцкай плошчы і скончылася шэсьцем да помніка Янку Купале.

У 16:00 на Кастрычніцкім пляцы ў Менску пачалі зьбірацца студэнты і школьнікі дзеля сьвяткаваньня Дня Ведаў.

Хочам вучыцца па-беларуску! 

Удзельнікі яшчэ не пасьпелі разьвярнуць плякаты і іншыя матэрыялы да акцыі, як невядомыя асобы ў цывільным пачалі ўсіх акружаць і забіраць сумкі і пакункі з матэрыяламі. Плянавалася, што ўдзелькі акцыі ўтвораць ланцуг зь літараў “Хочам вучыцца па-беларуску!”.

Напісаныя на аркушах літары з надпісу былі ў Франака Вячоркі – кіраўніка вучнёўскага самакіраваньня Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Я. Коласа, але людзі ў цывільным схапілі Франака і пацягнулі ў аўтобус. Іншыя ўдзельнікі акцыі пачалі абараняць ліцэіста. У выніку Франака ўсё ж такі зацягулі ў аўтобус, але ўдалося адбіць некалькі плякатаў да акцыі. Пазьней, на жаль, пры спробе разьвярнуць іх, міліцыянты забралі і гэтыя матэрыялы.

Хочам вучыцца па-беларуску! 

Аўтобус з затрыманымі (акрамя Франака Вячоркі яшчэ Лявон Баршчэўскі, Валянцін Стэфановіч і Яўген Афнагель) зьехаў. У аўтобусе Франака моцна зьбілі, парвалі вопратку. Праз паўтары гадзіны праведзеных у Цэнтральным РАУС ўсіх затрыманых адпусьцілі без прад’яўленьня абвінавачваньняў. Але матэрыялы акцыі засталіся ў міліцыянтаў.

Хочам вучыцца па-беларуску! 

Хочам вучыцца па-беларуску! 

Моладзь працягнула акцыю раздачай чыстых улётак без аніякага тэксту ў знак пратэсту супраць сытацыі ў краіне. Ўдзельнікі хадзілі з залепленымі скотчам вуснамі, што адлюстроўвала магчымасьці навучаньня на роднай мове ў Беларусі. Многія ўдзельнікі прыйшлі на акцыю з падручнікамі па беларускай мове і беларускай гісторыі. Сьпявалі беларускія песьні, седзячы на пляцы, раздавалі віншавальныя паштоўкі. Кожны ўдзельнік  акцыі мог пакінуць свой голас “за беларуску адукацыю” у адмысловай скрыні.

 

Пазьней акцыя працягнулася ў парку Янкі Купалы, дзе студэнты і навучэнцы ўсклалі кветкі да помніка Янку Купалу. Завершылася імпрэза сьпевамі ў выкананьні Андрэя Хадановіча. На заканчэньне акцыі сябры ЗБС прапанавалі ўсім прысутным атрымаць старонку са студэнцкай залікоўкі, дзе было пазначана “прадмет – беларуская мова, адзнака – 10 балаў, дата – 01.09.2004”.

Усяго ў акцыі прынялі ўдзел каля 200 чалавек. Варта адзначыць, што раніцай на ліцэйскую лінейку падыйшлі міліцыянты, якія папярэдзілі навучэнцаў ліцэю, што пры ўдзеле ў акцыі ўсіх ліцэістаў чакае затрыманьне і іншыя наступствы. Але ж многія ліцэісты ўсё адно прыйшлі на акцыю.

vojur 12:00, 02/09/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.