Крэатыў па вясьне: конкурсы для пачынаючых рэклямістаў

Не аднымі «Канскімі львамі» жыве рэклямная індустрыя. Ёсьць у ёй і конкурсы, арганізаваныя адмыслова для студэнтаў, якія жадаюць праявіць свае крэатыўныя здольнасьці і за адным махам зрабіць так, каб іх працы заўважылі ў рэклямным бізнэсе. Мы публікуем інфу пра некалькі даступных беларусам крэатыўных спаборніцтваў.

The Neighbourhood Project

«Мы мяркуем, што месца, дзе вы жывяце, моцна ўплывае на вас. Злосны хлопец, якога вы сустракаеце кожны ранак на рагу, сябры, што жывуць побач, мясцовы бар, ці нават месца, дзе вы вырасьлі. Мы хочам бачыць гісторыі з вашага асяродку, дзе б ён ня быў і як бы не выглядаў», — пішуць ініцыятары конкурсу The Neighbourhood Project — брытанская рэклямная агенцыя Brooklyn Brothers.

Гісторыя можа мець любую форму. Тое можа быць фільм, апавяданьне, нават песьня ці вэб-сайт — што заўгодна. Галоўнае распавесьці яе. Дасылайце вашы гісторыі на e-mail project@brooklynbrotherhood.com да 31 сакавіка 2010 году. Двое ўдзельнікаў па выніку конкурсу будуць запрошаныя ў Лёндан.

Рэклямная агенцыя Brooklyn Brothers заснаваная ў 2002 годзе і мае офісы ў Лёндане і Нью-Ёрку.

YCN Student Awards

Калі вы студэнт, ці, прынамсі, не працуеце на поўную стаўку ў дызайне ці рэклямнай сфэры, і ваш узрост пралягае недзе ў прамежку паміж 18 і бясконцасьцю, то конкурс YCN Student Awards чакае на вашы ідэі і працы.

Для ўдзелу ў конкурсе трэба залезьці на яго сайт і спампаваць брыф, у якім апісанае асноўнае бачаньне канцэпцыі працы, што трэба выканаць і адаслаць арганізатарам (па звычайна пошце). Выбар брыфаў вялікі: ад канцэпцыі прасоўваньня браўзэраў ад Google да рэклямнай кампаніі для Cartoon Network. Дэдлайн падачы прац — 26 сакавіка.

Працы могуць мець выгляд анімацыі, фільму, гукавога запісу, сайту ці звычайнага плякату. Усё мусіць быць выканана па-ангельску.

Пераможцы, якіх арганізатары абяцаюць абвесьціць у чэрвені 2010 году, атрымаюць магчымасьць узяць удзел у лёнданскай выставе лепшых прац конкурсу, а пасьля і ў праграме прафэсійнага росту, якая дазволіць маладым крэатыўшчыкам выйсьці на лепшыя агенцыі індустрыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0069 seconds.