Землятрус у Чылі нахіліў і паскорыў нашу плянэту
Навукоўцы высьветлілі, што нядаўні землятрус у Чылі, які прынёс шматлікія ахвяры, зрушыў зямную вось на 8 сантымэтраў і скараціў суткі на 1.26 мільённая долі сэкунды.
Наступствы землятрусу ў Чылі. Фота AP
Як кажуць вынікі кампутэрнага мадэляваньня, праведзенага Рычардам Гросам (Richard Gross) зь Лябараторыі рэактыўнага руху NASA, у выніку 8.8 бальнага землятрусу ў Чылі Зямля крыху нахілілася — на 0.0027 вуглавыя сэкунды (каля 8 см.). А пераразьмеркаваньне масы ўнутры плянэты паскорыла хуткасьць яе кручэньня.
Такая рэакцыя на моцныя землятрусы — звычайная для плянэты. Шэсьць гадоў таму ў выніку землятрусу і наступнага найбольш зьнішчальнага ў гісторыі чалавецтва цунамі на востраве Суматра (Інданэзія) зямныя суткі таксама скараціліся, і нават значна мацней — на 6.8 мікрасэкунды. Затое зрух восі плянэты быў не такі заўважны — толькі на 7 сантымэтраў.
Як паведамляе РИА Новости, такую адрозную рэакцыю на аднолькавыя падзеі (суматранскі землятрус меў магнітуду ў 9.1 бал) навукоўцы тлумачаць адноснай блізасьцю Суматры да экватара, у адрозьненьні ад Чылі.
Чылійская трагедыя пайшла ўпоперак тэндэнцыі павялічэньня зямных сутак
Землятрус сілай 8.8 паводле шкалы Рыхтэра адбыўся 27 лютага ў акіяне ля ўзьбярэжжа Чылі. Неўзабаве пасьля першага штуршка ў тым жа месцы было зафіксавана некалькі паўторных землятрусаў магнітудай ад 5.4 да 6.9. На дадзены момант вядома, што 723 чалавекі сталі ахвярамі трагедыя, яшчэ больш за 500 параненыя.