3-га сакавіка «Наеховичи» з Масквы ў Менску

Маскоўскі гурт «Наеховичи» (клезмер-гараж-бэнд) выступіць з канцэртам у менскім «Рэактары» 3-га сакавіка. Дапоўніць імпрэзу вялікі балкана-клезмерскі сэт ад Papa Bo Selektah.

 

Зьявіўшыся ў 2004 годзе, сьціплы, але амбіцыйны фольк-квартэт «Наеховичи» (туба, клярнэт, акардэон і электрагітара — менавіта ў такім складзе запісаны дэбютны альбом «Прощай, Корова!») вырас за 2 гады свайго існаваньня ў гнуткі, гучны і экстравагантны клезмер-рок-н-рол бэнд. У пошуках уласнага стылю «Наеховичи» працуюць над адной з магчымых вэрсій самабытнай музычнай канцэпцыі расейскага року, лёгка праходзячы паміж Сцылай бязроднага «этнаджазу» і Харыбдай фальклёрнага акадэмізму.

Прыкладна палову рэпэртуару гурта складаюць традыцыйныя габрэйскія мэлёдыі, якія атрымалі новае рок-рэгі-джазавае гучаньне, другая ж палова — разнастайныя песьні: на ідыш (народныя і ўласнага напісаньня) і расейскай (клясыка савецкай эстрады).

«Наеховичи» — дарагія госьці і на габрэйскіх вясельлях алігархаў у Маскве, і ў начных клюбах Таганрогу і Бэрліна, і на фэстывалях, такіх, як KlezMORE ў Вене, Ashkenaz ў Таронта і Сімха ў Лёндане, дзе хлопцам выпаў гонар сваім выступам завяршаць канцэрт на Трафальгарскай плошчы.

Харызматычны лідэр «Наеховичей», вакаліст-гітарыст Ваня Жук настолькі абаяльны, што нярэдка атрымлівае тумакі ад калегаў па сцэне за тое, што адцягвае гледача ад іх гульні, перацягваючы ўсю ўвагу на сябе.

«Наеховичи» вывучаюць клезмерскую спадчыну па запісах, нотах і ў асабістай перадачы майстроў жанру як у Расеі, так і на міжнародных мерапрыемствах, напрыклад, London Klezfest і KlezKanada — на апошнім зь іх Іван Жук быў адным зь вядучых майстар-клясу «Klezmer in rock». Максім Карпычоў — выпускнік Адэскай кансэрваторыі.

Апроч джэм-сэйшэнаў на клезмер-фэстывалях, «Наеховичи» супрацоўнічаюць з такімі яркімі прадстаўнікамі міжнароднага клезмеру, як Сафі Саламон, на чый будучы альбом Іван Жук быў запрошаным вакалістам; Джош «Socalled» Далгін, які ўдзельнічаў у прэзэнтацыі дэбютнага альбома гурта; Пол Бродзі і Майкл Альпэрт. У траўні 2007 Ваня Жук быў запрошаны ў Клезмеркруіз — і зноў не адпачываць, а працаваць гітарыстам у аркестры, дзе сярод іншых зорак клезмеру працаваў і Дэвід Кракаўэр. У 2008 г. «Наеховичи» выпусьцілі другі альбом «Klezmer Iz ДeaД», у запісе якога прымалі ўдзел Псой Караленка і Даніэль Кан.

  • 3.03.2010. 19.00
  • Клюб «Рэактар» (Менск, вул. Харужай 29)
  • Гурт «Наеховичи» (http://vkontakte.ru/club147920, http://www.nayekhovichi.ru)
  • Квіткі: 25000
  • Продаж: ТЦ Купалаўскі (пав.19), каса «Рэактару» перад пачаткам канцэрту
  • Інфалінія: + 375 29 6034002 Velcom, + 375 29 7002244 MTC

Паводле прэс-рэлізу

11:00, 23/02/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.