Разьмеркаваньне пачынаецца сёньня

Канфэрэнцыю пад назвай «Будучае пачынаецца сёньня!» ладзіць Міністэрства адукацыі на Інстытуце журналістыкі БДУ. На ёй чыноўнікі падымуць пытаньне аб сыстэме разьмеркаваньня напярэдадні разгляду закону, які робіць яе яшчэ больш жорсткай.

Адмысловы сэмінар у межах канфэрэнцыі, удзел у якой прымуць студэнты розных ВНУ Беларусі, будзе прысьвечаны адпрацоўцы пасьля сканчэньня навучаньня на бюджэтных формах. Прэс-служба Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту сьцьвярджае, што нагодай для правядзеньня сходу стала жаданьне студэнтаў-платнікаў адправіцца працаваць па разьмеркаваньню:

«Гэта акцыя — першая, але, цалкам магчыма, яна стане традыцыйнай, бо пытаньні разьмеркаваньня ў апошнія гады сталі ўсё больш цікавіць ня толькі студэнтаў-бюджэтнікаў, але і платнікаў, яны таксама жадаюць атрымаць сацыяльныя гарантыі на працаўладкаваньне», — распавялі БелТА у прэс-цэнтры БДУ.

Нагадаем, што ў ніжэйшай палаце парлямэнту знаходзіцца праект Кодэксу аб адукацыі, згодна зь якім сыстэма прымусовага разьмеркаваньня будзе пашыраная на большую колькасьць студэнтаў. Пасьля прыняцьця законапраекту адпрацоўваць два гады абавяжуць усіх, хто правучыўся хаця б два з паловай гады на бясплатным аддзяленьні, а таксама тых, хто паступіў на магістратуру ці асьпірантуру.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4826 seconds.