Студэнтаў ЭГУ падманулі

Адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту распачала прымаць заявы студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, зачыненага на загад Міністэрства адукацыі. Аднак студэнты адмаўляюцца падпісваць дамовы аб пераходзе ў БДУ, бо аплата навучаньня ў Белдзяржунівэрсытэце вышэй, чым у ЭГУ.

Падчас закрыцьця ЭГУ рэктар Васіль Стражаў і міністар Аляксандар Радзькоў паабяцалі бацькам і студэнтам, што памер аплаты ў Белдзяржунівэрсытэце застанецца на ўзроўні Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Аднак калі студэнты прыйшлі падпісваць адпаведныя дакумэнты, ім прапанавалі зусім іншыя ўмовы. Гаворыць студэнтка Аліса Сыракваша:

“У БДУ мне паведамілі, што кошт навучаньня ў БДУ будзе без аніякіх зьніжак і патлумачылі гэта загадам рэктара. Маўляў, нешта яны там пералічылі й цяпер прымушаюць плаціць болей — невядома за што”.

Дамовы пра перавод у Белдзяржунівэрсытэт студэнты ЭГУ мусілі падпісваць ад учорашняга дня і завершыць справу пераводу да 25 жніўня. Кіраўніцтва ЭГУ спадзяецца, што здолее ўлагодзіць гэтае пытаньне, аднак зьдзіўленае тым, што спадары Стражаў і Радзькоў не выконваюць сваіх жа абяцаньняў. Гаворыць дэкан Рыгор Мінянкоў:

“Рэктар Стражаў афіцыйна заявіў пра тое, што студэнты будуць залічаныя з аплатай па факультэцкім тарыфе. І міністар Радзькоў у сваім інтэрвію сьцьвярджаў тое ж. Унівэрсытэцкі тарыф — гэта 800 умоўных адзінак за год. Але яны чамусьці зьмянілі сваё рашэньне й сталі выстаўляць студэнтам поўны тарыф — гэта 1200 умоўных адзінак. Я сказаў студэнтам пакуль не падпісваць ніякіх дамоваў. І я думаю, што тут ужо і студэнты й бацькі таксама павінныя паднімаць шум”.

Пракамэнтаваць праблему ў справе пераводу студэнтаў ЭГУ ў Белдзяржунівэрсытэце не знайшлося ахвотных. А вось што сказала кіраўніца ўправы Міністэрства адукацыі Галіна Хацішава:

“БДУ было прапанавана, каб яны разгледзелі пытаньне прыёму студэнтаў, захаваўшы ранейшую аплату. Але прымусіць БДУ гэта зрабіць мы ня маем права. Яны — галоўны ВНУ ў нацыянальнай сыстэме адукацыі, таму й аплата там вышэйшая”.

Падчас сёньняшняга візыту ў Міністэрства адукацыі група бацькоў студэнтаў ЭГУ запатрабавала выканаць абяцаньні міністра, але чыноўнікі візытэрам адмовіліся чымсьці дапамагчы.

Радыё Свабода

09:00, 19/08/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0889 seconds.