Закон, які забараняе ўжываньне піва ў грамадзкіх месцах, пачне дзейнічаць 23 лютага

Пры першым парушэньні новай забароны штраф складзе да 280 тысяч, пры паўторным давядзецца заплаціць да 525 тысяч рублёў.

Расьпіцьцё піва і слабаалькагольных напояў у грамадзкіх месцах будзе забаронена ў Беларусі з 23 лютага. Гэта прадугледжана законам «Аб унясеньні змяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці», які афіцыйна апублікаваны ў сёньняшнім выданьні Нацыянальнага рэестра прававых актаў Беларусі і ўступіць у сілу празь месяц.

У прыватнасьці, законам устанаўліваецца адміністрацыйная адказнасьць за расьпіцьцё слабаалькагольных напояў і піва на вуліцах, стадыёнах, сквэрах, парках, у грамадзкім транспарце і іншых грамадзкіх месцах, акрамя тых, якія прызначаны для іх ужываньня.

На першы раз сума штрафу будзе складаць да 8 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня складае Br35 тыс.). Пры паўторным такім правапарушэньні на працягу года ўжо давядзецца заплаціць ад 2 да 15 базавых велічынь.

У законе таксама даюцца паняцьці піва і слабаалкагольных напояў. У прыватнасці, піва — гэта напой, які атрымліваецца шляхам зброджвання соладавага сусла піўнымі дражджамі з аб'ёмнай доляй этылавага сьпірту ад 0,5% і болей. Здавалася б, такое азначэньне цалкам дазваляе расьпіваць у грамадзкіх месцах так званае безалькагольнае піва. Аднак на бутэлечных этыкетках гэтага напою, які можна купіць у Беларусі, напісана, што колькасьць алькаголю ў ім не большая за 0,5% аб'ёму. У сувязі з гэтым у МУС абяцаюць больш лібэральны падыход да аматараў безалькагольнага піва, аднак прызнаюць, што гэта пытаньне даволі далікатнае і вырашыць яго можа толькі правапрымяняльная практыка.

Паводле БелТА.

vojur 13:52, 22/01/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.