Ад Хэлаўіна да Калядаў: трэці нумар часопіса «ПрайдзіСвет»

Выйшаў трэці нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». У нумары прадстаўленыя творы 38 аўтараў, перакладзеныя з 11 моваў, у тым ліку японскай і румынскай, якія дадаліся на сайт менавіта ў гэтым нумары.

Зьмест нумару зроблены ў выглядзе календара, які ахоплівае час ад Дня Усіх Сьвятых, 31 кастрычніка, да праваслаўных Калядаў, 7 студзеня — з аднаго боку, самы містычны, з другога — самы сьвяточны час году. Адпаведна, агульную тэматыку нумару можна акрэсьліць як калядна-гатычную.

У гэтым нумары друкуюцца як пераклады твораў, якія даўно сталі клясыкай сусьветнай літаратуры, такія як «Калядны харал» Чарльза Дыкенса, апавяданьні Эдгара По і Артура Конан Дойла, урывак з рамана «Франкенштэйн» Мэры Шэлі, «Павучыха» Ханса Хайнца Эвэрса, «Чалавек на бутлі» Густава Майрынка, «Кліч Ктулху» Говарда Філіпса Лаўкрафта, навэлы О. Генры, баляды Робэрта Саўці і Вальтэра Скота і многія іншыя.

Таксама ў часопісе ёсьць творы, значна менш вядомыя ў беларускай культурнай прасторы — такія як апавяданьне «Энох Сомс» ангельскага мастака і пісьменьніка-дэкадэнта з кола Оскара Ўайлда Макса Бірбама (апавяданьне, дарэчы, уключанае Х. Л. Борхесам у анталёгію фантастычнай прозы), паэма «Вурдалакі» найслыньнейшага румынскага рамантыка Міхая Эмінэску (трэба адзначыць, што традыцыі перакладу з румынскай мовы ў нас амаль не існуе), творы Мантэгю Родса Джэймса, клясыка «антыкварнага» кірунку ў гатычнай літаратуры, апавяданьне «Адчыненае акно» ангельскага пісьменьніка Сакі, які, апроч усяго іншага, паўплываў на такога знанага майстра гумарыстычнага рамана, як П. Г. Вудхаўз.

Досыць шырока прадстаўленая ў нумары і сучасная літаратура (П. Гюле, Б. Задура, С. Жадан і інш.). Асабліва варта адзначыць пераклады ўкраінскіх гатычных апавяданьняў з анталёгіі «Тагасьветнае», укладальнік і плённы аўтар якой Юрый Вінічук ласкава пагадзіўся даць часопісу інтэрв’ю.

Ужо традыцыйна зьмешчаныя ў часопісе пераклады пераможцаў конкурсу, а таксама два майстар-клясы (зь Янам Максімюком і Сяргеем Шупам, стваральнікамі сайту litaratura.org) і агляд асноўных падзей у беларускім перакладчыцкім жыцьці за 2009 год.

Таксама прапануем вашай увазе рэйтынгі найлепшых выданьняў гэтага году, складзеныя нашымі экспэртамі, — рэйтынгі, куды ўвайшлі выключна перакладныя кнігі. А «выкліканьню духаў», то бок інтэрпрэтаваньню твораў (а таксама асэнсаваньню перакладной спадчыны) прысьвечаны шэраг крытычных артыкулаў.

Наступны, чацьверты нумар часопіса «ПрайдзіСвет» мае выйсьці ў сакавіку і будзе прысьвечаны вундэркіндам літаратуры, у літаратуры і ад літаратуры.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.