Разьмеркаваны выпускнік БНТУ паскардзіўся на парушэньне правоў у ААН

Выпускнік БНТУ Ільля Сеньнікаў, разьмеркаваны ў барысаўскі будтрэст, падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека пасьля таго, як беларускі суд пастанавіў спагнаць з маладога спэцыяліста 13 мільёнаў рублёў за адмову адпрацоўваць па прымусовым разьмеркаваньні. Былы студэнт лічыць, што яго змусілі да прымусовай працы і парушылі яго права на справядлівы суд.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт 

Два гады ў будтрэсьце

Тры гады таму Ільля Сеньнікаў скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт, пасьля чаго яго на два гады разьмеркавалі ў барысаўскі «Будаўнічы трэст № 21». Але там Ільля на доўга не затрымаўся. Як паведамляе Беларускі Хельсінскі камітэт, маладому спэцыялісту прыйшлася не даспадобы «бытавая неўладкаванасьць».

Ільля быў вымушаны штодзень выяжджаць за горад, і толькі на дарогу прыходзілася выдаткоўваць 3 гадзіны. Апошняй кропляй стаў будтрэстаўскі заробак, які быў істотна ніжэй за той, які за аналягічную працу прапаноўвалі ў недзяржаўнай фірме.

Былы студэнт паспрабаваў звольніцца, але кіраўніцтва трэсту адмовіла яму, спасылаючыся на заканадаўчую забарону звальняць маладога спэцыяліста на працягу двух гадоў пасьля заканчэньня навучаньня. Тады Ільля проста перастаў хадзіць на працу і ў адзін цудоўны момант быў звольнены за прагул.

Былая альма-матэр не забылася на свайго студэнта, і прад’явіла маладому чалавеку пазоў аб кампэнсацыі сродкаў, якія былі выдаткаваныя на яго навучаньне. Пачаліся суды, якія, як ня дзіўна, выйграў БНТУ.

Зваротная сіла беларускіх законаў

Малады спэцыяліст сьцьвярджае, што беларуская дзяржава парушыла яго права на свабодную працу і на справядлівы судовы разбор. Апошняе ён аргумэнтуе тым, што інструкцыі аб кампэнсацыі сродкаў за навучаньне, адпаведна зь якой суд і абавязаў былога студэнта выплаціць 13 мільёнаў, на момант яго разьмеркаваньня не існавала.

Кажучы прасьцей, з-за пастановы беларускага суду закон прыняў зваротную сілу, што не адпавядае Канстытуцыі.

Апошняй інстанцыяй, куды Ільля мог зьвярнуцца, быў Камітэт ААН па правах чалавека. Што ён і зрабіў, патрабуючы, каб Камітэт прымусіў Беларусь «ліквідаваць парушэньні, якія былі дапушчаныя ў адносінах да яго» і «кампэнсаваць маральную шкоду ў выглядзе грашовай кампэнсацыі».

Як лічыць праваабаронца Гары Паганяйла, прымусовае разьмеркаваньне супярэчыць Канстытуцыі:

«Разьвіцьцё заканадаўства [пасьля 1995 году, калі былі прынятыя акты аб разьмеркаваньні] працягнулася не на карысьць захаваньня нормаў Канстытуцыі і міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, што прывяло да шматлікіх канфліктаў. Прыклад Сеньнікава гэта пацьвярджае.

Шляхам звароту зь індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН мы імкнемся даказаць міжнароднай супольнасьці несправядлівасьць падыходу дзяржавы да гэтай праблемы, а нашым грамадзянам — паказаць эфэктыўны мэханізм, які можна выкарыстоўваць у выпадках, калі дзяржава парушае правы грамадзянаў, а суды не забясьпечваюць іх абарону».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.